Юрыст Павел Левінаў асуджаны на 10 сутак арышту і штраф
Юрыст Павел Левінаў асуджаны на 10 сутак арышту і штраф за падзеі падчас ператрусу 27 сакавіка. Разгляд яго справы завяршыўся ў Чыгуначным раённым судзе Віцебска, нягледзячы на тое, што сам юрыст адсутнічаў. Ён быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным дзеянням супрацоўнікам міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КаАП). Паводле рашэння суда, гэтыя правапарушэнні сп. Левінаў здзейсніў 27 сакавіка, калі спрабаваў прысутнічаць пры ператрусе ў кватэры віцебскага журналіста Вадзіма Баршчэўскага.
Суддзя Валянціна Кісьмярошкіна прысудзіла Паўлу Левінаву арышт на 10 сутак за дробнае хуліганства і штраф 700 тысяч рублёў — за непадпарадкаванне міліцыі.
Судовую пастанову суддзя зачытала ў адсутнасць падсуднага, хаця ён загадзя папярэдзіў, што не зможа прыйсці на сённяшняе судовае пасяджэнне, паведамляе «Радыё Свабода».
Сп. Левінаў лічыць гэта парушэннем закону, і з гэтае нагоды ён ужо скіраваў скаргу ў Вярхоўны суд. Пастанову суду ён таксама мяркуе абскардзіць, бо катэагрычна не згодны з абвінавачаннем.
Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні быў складзены на Паўла Левінава 27 сакавіка. У той дзень супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрусы ў кватэрах беларускіх журналістаў па ўсёй краіне, у тым ліку ў Віцебску. Павел Левінаў прыехаў да кватэры віцебскага журналіста Вадзіма Баршчэўскага, каб аказаць таму юрыдычную дапамогу падчас ператрусу. Паводле словаў супрацоўнікаў міліцыі, якія ляглі ў аснову судовага пастанаўлення, знаходзячыся на леснічнай клетцы перад кватэрай юрыст ужываў «нецэнзурную лаянку», чым парушыў грамадскім парадак, а потым нібыта аказаў супраціў пры затрыманні.
Павел Левінаў лічыць гэтыя абвінавачванні безпадстаўнымі і сфабрыкаванымі. У знак пратэсту супраць гэтага юрыст трымаў галадоўку з 27 сакавіка па 10 красавіка.