Эдварда Баланчука зноў “трэсьлі” на мяжы
У панядзелак, 26 траўня на мытным пераходзе Камены лог другі раз за месяц затрымалі маладэчанскага правабаронцу Эдварда Баланчука. Мытнікі правялі асабісты дагляд і агляд аўтамабіля, аднак нічога забароненага не знайшлі.
Нагадваем, што 1 траўня сябра БХК Баланчук затрымліваўся на мяжы ў Бярэсьці, дзе праваабаронцу трымалі больш за дзесяць гадзінаў, пры гэтым забралі наяўныя грашовыя сродкі быццам бы на праверку. У гэты раз абышлося дзьвума з паловай гадзінамі. А кішэнная дробязь не прывабіла мытнікаў, якія, пад час дагляду перыядычна с кімсьці раіліся па тэлефоне.
Пасьля затрыманьня ў Бярэсьці праваабаронца накіраваў скаргі Генеральнаму пракурору краіны і адначасова кіраўніку Мытнага камітэта.
Аднак, як паведаміў Эдвард Баланчук, гэтая перапіска працягнецца, паколькі ён лічыць, што падобныя дзеяньні супрацоўнікаў мытні з’яўляюцца праявай пераследу і ўціску з боку улады за ягоную праваабарончую дзейнасьць.
Паводле прэс-службы БХК