Суды ў справах віцебскіх апазыцыянэраў перанесьлі
Справу пра аднаўленьне на працы Леаніда Аўтухова, актывіста з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці, судзьдзя Гарадоцкага райсуду Аляксандар Ляшкевіч будзе разьбіраць 3 чэрвеня.
21 траўня адбылося папярэдняе пасяджэньне суду, падчас якога бакам было прапанавана вырашыць справу паміж сабой. Кіраўніцтва прадпрыемства ачышчальных збудаваньняў настойвае, што спадар Аўтухоў звольнены законна з прычыны сканчэньня працоўнага кантракту. Апазыцыянэр сьцьвярджае, што мелі месца парушэньні закону, і ягонае звальненьне — праява перасьледу за палітычныя перакананьні, перадусім за тое, што ён актыўны прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча і кіраўнік раённай арганізацыі партыі БНФ.
Яшчэ аднаго актывіста, кіраўніка віцебскай “Моладзі БНФ” Аляксандра Кузьняцова, 21 траўня выклікалі ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску на падставе міліцэйскіх пратаколаў пра ягоны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 26 красавіка гэтага году.
Судзьдзя Ірына Смалякова перанесла разгляд ягонай справы, бо папярэдняе судовае пакараньне за падобнае правапарушэньне скасавана абласным судом. Цяпер суд мае разгледзець спачатку справу пра затрыманьне моладзевага актывіста ў Дзень Волі 25 сакавіка, а потым — пра затрыманьне яго 26 красавіка, у дзень угодкаў чарнобыльскай трагедыі. Другі выпадак будзе разглядацца як паўторнае парушэньне таго самага артыкулу, і суд павінен улічыць гэта, выносячы пастанову. Дата судовага разгляду пакуль невядомая.