Гомельскі палітык шукае абароны ў ААН
Актывіст Руху “За свабоду” сябра АГП Уладзімер Кацора з Гомеля сёньня накіраваў ў Камітэт ААН па правах чалавека індывідуальную скаргу.
На працягу двух апошніх гадоў Уладзімера Кацору арыштоўвалі за палітычную дзейнасьць пяць разоў. Агулам ён правёў за кратамі амаль сорак сутак, у тым ліку 17 — за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах, гаворыць спадар Кацора:
“Апошні раз мяне зьмясьцілі за краты ў лютым гэтага году, калі я, рыхтуючы сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам, распаўсюдзіў улёткі, што яна адбудзецца. У Камітэт ААН па правах чалавека зьвяртаюся таму, што тут я прайшоў усе інстанцыі ў пошуках прававой абароны. Але марна. Па-другое, беларуская судовая сыстэма, караючы мяне, парушыла Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь, ратыфікавала й абавязалася выконваць. Але ж не выконвае. І таму ў мяне ёсьць поўнае юрыдычнае права зьвярнуцца ў Камітэт ААН са скаргай”.
На ўласным прыкладзе Уладзімір Кацора паказвае ў скарзе, што міліцыя, а затым Чыгуначны й Савецкі раённыя суды Гомеля, караючы за распаўсюд інфармацыі пра мірныя сустрэчы гараджанаў з экс-кандыдатам на прэзыдэнта Мілінкевічам, парушылі ня толькі Канстытуцыю Беларусі, але й артыкулы 19 і 21 падпісанага Беларусьсю Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
На думку юрыста Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя чыноўнікі й судзьдзі, караючы актывістаў, забываюць пра міжнародныя абавязаньні краіны:
“Дзяржаўныя чыноўнікі забываюць, што апрача закону пра масавыя мерапрыемствы наша краіна мае яшчэ і міжнародныя абавязкі. Нацыянальнае заканадаўства супярэчыць міжнародным пагадненьням нашай краіны. І суды, і чыноўнікі не выконваюць гэтых міжнародных пагадненьняў, замацаваных у згаданым Пакце. Таму Кацора й зьвярнуўся ў Камітэт ААН са скаргаю, у якой ён просіць прызнаць парушэньне яго правоў, замацаваных у Пакце”.
Нагадаем, што летась Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў незаконнай ліквідацыю ў Гомелі абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”.