viasna on patreon

Скаргу «Витебского курьера» зноў адхілілі

2008 2008-05-21T15:59:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vk3.jpg

Рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Витебский курьер М» зноў адмовілі ў праве ўнесці змены ў Статут і перарэгістравацца. 20 траўня калегія Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) адхіліла касацыйную скаргу ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер» на рашэнні судоў папярэдніх інстанцый па гэтым пытанні.

У 2007 г. ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер» накіравала ў Віцебскі аблвыканкам дакументы на ўнясенне зменаў і дадаткаў у свой Статут. 11 кастрычніка 2007 г. выканаўчы камітэт даў адпаведны дазвол, але ўжо праз месяц, 12 лістапада 2007 года, сам жа яго адклікаў.

Гэтае рашэнне аблвыканкама «Витебский курьер» спрабаваў абскардзіць у Гаспадарчым судзе Віцебскай вобласці. 18 лютага суд адхіліў скаргу, а 18 сакавіка, пасля разгляду апеляцыйнай скаргі, пакінуў сваё ж рашэнне ў сіле.

Юрыдычны кансультант ЗАТ «Выдавецкі дом «Витебский курьер» Павел Левінаў, які прадстаўляў інтарэсы рэдакцыі і ў Вышэйшым гаспадарчым, і ў папярэдніх судах, расчараваны вынікам слуханняў. «У мяне была надзея, што Вышэйшы гаспадарчы суд зможа разабрацца ў гэтай нескладанай, на мой погляд, сітуацыі. Але, відаць, ім не далі», — зазначыў юрыст у гутарцы з прэс-службай БАЖ.

Прадстаўнікі Выдавецкага дома пакуль не вырашылі, ці падаваць у прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда скаргу ў парадку нагляду.

Недзяржаўная газета «Витебский курьер М» аднавіла выхад у канцы красавіка г.г. пасля амаль гадавога перапынку і цяпер друкуецца ў Смаленску. Увесь наклад першага нумару (№ 1 за 25.04.2008) быў затрыманы ўвечары 24 красавіка — адразу пасля таго, як яго прывезлі ў Віцебск. Другі і трэці нумары выдання трапілі да чытача.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства