viasna on patreon

Хрысціянскія дэмакраты падтрымалі асуджаных па палітычным матывам

2008 2008-05-21T15:53:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhd.jpg

Актывісты ствараемай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” правялі акцыю духоўнае падтрымкі палітычных зняволеных у Беларусі, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

Падрабязнасці акцыі і пра матывы DW-RADIO распавёў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец.

 

“Мы сабралі кожнаму палітвязню, які знаходзіцца ў зняволенні, своеасаблівую “бібліятэчку верніка” – Біблію ў беларускім перакладзе, некалькі вядомых хрысціянскіх кніг на беларускай мове. Бо мы лічым, што Бог дае выпрабаванні чалавеку тады, калі маецца патрэба ў яго духовым росце, у духовым кшталтаванні. Лісты, якія мы ад іх атрымлівалі, пераканалі нас, што слова Божае – гэта самае тое, што зараз патрэбна.

 

"Для мяне матывацыяй была мая асабістая гісторыя, калі дзесяць гадоў таму на “Валадарку” мне перадалі Новы Запавет, і гэта змяніла ўсё маё жыццё. Зараз вельмі цяжка і Сяргею Парсюкевічу, і Андрэю Кіму, і Аляксандру Казуліну. І таму ж самаму Зміцеру Лісеенку, які ўвогуле атрымаў дзесяць гадоў і якому мы таксама перадалі тыя кніжкі для таго, каб спыніцца, паглядзець на свой лёс, на сваё жыццё”.

 

Спіс будзе падоўжаны?

 

Павал Севярынец таксама адзначыў, што не чакае станоўчага выніку чарговага палітычнага судовага працэсу, які пачнецца 23 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, калі адбудзецца разгляд крымінальнае справы яшчэ чатырох моладзевых актывістаў, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў падчас студзеньскай акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў у цэнтры беларускае сталіцы.

 

“Будзем спадзявацца на лепшае, але, магчыма, будзе тая ж формула, што і да астатніх “хімікаў” – так званы хатні варыянт “хіміі”, які, насамрэч, ёсць вельмі сур’ёзным абмежаваннем. Безумоўна, у нас могуць з’явіцца яшчэ чатыры палітычныя вязні”.

 

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі, у сваю чаргу, не выключае, што беларускае кіраўніцтва не захоча праз новых палітзняволеных ускладняць сабе жыццё. “Я думаю, што беларускія ўлады наўрад ці пойдуць на падаўжэнне спісу палітычных вязняў, бо Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч, якія былі пакараныя акурат за тыя зімовыя хваляванні індывідуальных прадпрымальнікаў, ужо папоўнілі гэты амерыканскі спіс. Сёння сітуацыя складваецца такая, калі беларускі бок ужо не хоча фарсаваць пагаршэнне стасункаў са Злучанымі Штатамі, а, з іншага боку, беларуская ўлада не можа даць слабіну і, напрыклад, дараваць, умоўна кажучы. Таму, натуральна, пакаранне будзе, але хочацца спадзявацца, не самае суровае, магчыма, штрафы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства