viasna on patreon

Артур Фінькевіч завочна асуджаны на 7 сутак

2008 2008-05-21T08:50:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/artur4a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Атрур Фінькевіч: 2-і крымінальны прысуд

Атрур Фінькевіч: 2-і крымінальны прысуд

15 траўня 2008 году суд Першамайскага раёну завочна асудзіў намесьніка старшыні Маладога Фронту Артура Фінькевіча на адміністрацыйны арышт тэрмінам на 7 сутак.

Падставаю да гэтага прысуду стаў пратакол, складзены супрацоўнікамі Першамайскага РАУС пасьля затрыманьня Фінькевіча каля Нацыянальнай бібліятэкі 1 траўня, дзе ён браў удзел у мірнай акцыі, прымеркаванай да Дня Эўропы. Супрацоўнікі РАУС абвінавацілі ўсіх затрыманых, у тым ліку Артура Фінькевіча, па ч.3 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях (актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), склалі на іх пратаколы і выпусьцілі, узяўшы падпіску пра абавязак з’явіцца па першым патрабаваньні.

 

Ніводнага разу пасьля 1 траўня Артура ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАУС. Пры гэтым, паводле ч.1 артыкулу 11.4 Працэсуальна-адміністратыўнага Кодэксу, суд не мае права разглядаць справу ў адсутнасьці адвінавачваемага, акрамя як у сітуацыях, калі абвінавачваемы прызнаў сваю вінаватасьць альбо неаднаразова ігнараваў позвы суду.

Тым ня меньш, 15 траўня адбылося паседжаньне, пра якое ня ведаў ні Фінькевіч, ні адвакат, які мусіў абараняць Артура ў судзе. Пра прысуд самому Артуру стала вядома толькі 19-га траўня, калі яму дадому патэлефанаваў супрацоўнік Першамайскага РАУС г.Менску і пацікавіўся, як яго знайсьці. Супрацоўнік РАУС паведаміў маці Артура, што судом Першамайскага РАУС ейны сын асуджаны да арышту і РАУС зьбіраецца аб’явіць яго ў адміністрацыйны вышук.

Як стала вядома, рашэньне аб адміністрацыйным пакараньні прыняў суддзя Першамайскага суду Гарбатоўскі. Цытуем пастанову суду: “Фінькевіча Артура Ўладзіміравіча прысудзіць да адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак. Тэрмін арышту адлічваць з моманту яго затрыманьня”.

Адпаведна Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, рашэньне суду Першамайскага раёну супярэчыць закону і з’яўляецца неправамоцным.

Відавочна, што дадзенае рашэньне было прымеркаванае да ад’езду Фінькевіча у г.Порту (Партугалія), дзе ён мае узяць удзел у з’ездзе YEPP (Youth of the European People's Party – Моладзь Еўрапейскае Народнае партыі), які пройдзе там 22-25 траўня 2008 году. Такім чынам беларускія спэцслужбы чарговы раз спрабавалі перашкодзіць міжнароднае дзейнасьці Маладога Фронту.

 

Нягледзячы на створаныя перашкоды, Артур Фінькевіч здолеў выехаць з Беларусі. Бліжэйшым часам ён возьме ўдзел ў запланаваным мерапрыемстве.

Артур пракаментаваў дадзеную сітуацыю па тэлефоне прэсавай службе МФ:

“Я ўпэўнены, што дадзеная сітуацыя цалкам відавочная. 13 траўня мяне спрабавалі не прапусьціць праз беларускую мяжу, калі я ехаў у Вільню на падпісаньне пагадненьня з Маладымі Хрысьціянскімі дэмакратамі Літвы. Тады мы дзякуючы разуменьню памежнікаў, здолелі даехаць да Вільні. Тым ня меньш, па дарозе дадому з Вільні мне паставілі штамп, што я часова пазбаўлены права вызжаць з Беларусі. На наступны дзень, калі я наведаў аддзел па грамадзянству і міграцыі, мне прынесьлі прабачэньне і патлумачылі, што я трапіў у базу выпадкова. А літаральна праз тыдзень сітуацыя паўтарылася – і гэта пацьвярджае, што беларускія спэцслужбы адмыслова працуюць над тым, каб перашкодзіць міжнароднае дзейнасьці Маладога Фронту.

Але я запэўніваю, што працу Маладога Фронту ніхто ня спыніць, ні непасрэдна ў Беларусі, ні на міжнароднай арэне. Рэжым ужо спрабаваў спыніць дзейнасьць нашае арганізацыі з дапамогаю крымінальнага кодэксу, але таварышы пралічыліся. Дык няхай яны ня думаюць, што сваім дробязным бяспраўем спыняць моладзевы супраціў.

Моладзь сталее, бярэ на сябе адказнасьць ва ўсіх сфэрах грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі, і я перакананы, што нашае пакаленьне вельмі хутка спыніць тое беззаконьне, якое пакуль яшчэ творыцца на Беларусі!”

 

 

Прэсавая служба Маладога Фронту

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства