viasna on patreon

Яўген Вапа: "Я ўспрымаю наша вылучэньне як узнагароду усім беларускім асяродкам у Польшчы, якія рупліва робяць беларускія адраджэнцкія справы"

2008 2008-05-12T14:57:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яўген Вапа і Алег Латышонак узнагароджаны Кавалерскімі крыжамі Ордэна Адраджэньня Польшчы

Штогод, пачынаючы з 1921 году, 3 траўня у дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, адбываецца ўганараваньне Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэньня Польшчы найбольш выбітных асобаў гэтай краіны.
Сёлета ўпершыню ў гісторыі ў ліку ардэнаносцаў апынуліся двое беларусаў – старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак. Пачэсныя ўзнагароды яны атрымалі ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве з рук прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Абодва лаўрэаты ўзнагароджаны за актыўную дзейнасьць у беларускім студэнцкім руху і змаганьне за дэмакратыю ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, а таксама за грамадскую і прафесійную дзейнасьць пад час грамадска-палітычных зьменаў у Польшчы. У васьмідзесятыя гады і Латышонак і Вапа дзеілі ў падпольных антыкамуністычных структурах і неаднаразова падвяргаліся рэпрэсіям з боку тагачаснай улады.

Яўген Вапа так пракаментаваў адметную падзею ў сваім жыцьці: “Я ўспрымаю наша вылучэньне як узнагароду усім беларускім асяродкам у Польшчы, якія рупліва робяць беларускія адраджэнцкія справы. Гэтая ўзнагарода выразна паказвае таксама тую грамадзянскую пазіцыю, што можна быць беларусамі і будаваць у Польшчы сваю Малую айчыну. Для мяне гэты ордэн ёсць падзякай за наш дэмакратычны ўнёсак у грамадскае жыцьцё Польшчы”. 

Даведка:

Ордэн Адраджэньня Польшчы (Order Odrodzenia Polski Polonia Restituta) ёсць адной з найвышэйшых польскіх грамадзянскіх адзнакаў, якім узнагароджваюць за вылучныя дасягненьні ў сферы асьветы, навукі, культуры, мастацтва, спорту, гаспадаркі, аховы краіны, грамадскай дзейнасьці, дзяржаўнай службы, а таксама разьвіцьця добрых стасункаў з іншымі краінамі. Быў зацьверджаны 4 лютага 1921 году. На чале гонару Ордэну стаіць Капітула Ордэну Адраджэньня Польшчы, якая складаецца з Вялікага Магістра Ордэну і васьмі чальцоў Капітулы, якія прызначаны Вялікім Магістрам на 5 гадоў. Згодна з законам аб ордэнах і узнагародах Рэспублікі Польшча абраны Прэзідэнт краіны становіцца Кавалерам Ордэну Адраджэньня Польшчы першага класу і кіруе Капітулай як Вялікі Магістр.

У 1944 годзе Ордэн Адраджэньня Польшчы быў прызнаны найвышэйшай грамадзянскай адзнакай краіны. Да 1990 году лаўрэаты ордэну вызначаліся Ўрадам Рэчы Паспалітай у эміграцыі. Пасьля 1992 году найвышэйшай грамадзянскай узнагародай стаў Ордэн Белага Арла (Order Orła Białego). Зараз у структуры ордэнаў і ўзнагарод Польшчы Ордэн Адраджэньня Польшчы стаіць адразу пасьля Вайсковага ордэну Віртуці Мілітары (Virtuti Militari) і перад Орэнам Заслугі Рэчы Паспалітай Польшчы (Order Zasługi Rzeczypospolitej Polskiej).

  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства