Міліцыя не дазволіла раздаць легальныя газеты
Прадстаўнікі праваахоўных органаў не дазволілі палітычным лідэрам і грамадскім актывістам раздаць недзяржаўныя газеты «Народная воля», «Товарищ» і «Нашу Ніву» каля Галоўпаштамту. У рэспубліканскай пракуратуры адмовіліся прымаць скаргу ўдзельнікаў акцыі на дзеянні міліцыянтаў.
Прыкладна ў 12.00 каля ўваходу ў Галоўпаштамт сабраліся лідэры і актывісты некалькіх палітычных партый і рухаў, што ўваходзяць у Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) - Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў Беларускай і іншых. Яны збірался адзначыць Сусветны дзень свабоды прэсы акцыяй салідарнасці з незалежнымі СМІ, раздаўшы мінакам друкаваныя выданні, забароненыя для распаўсюду праз кіёскі «Белсаюздруку» і па падпісцы.
На месцы правядзення акцыі было шмат супрацоўнікаў міліцыі і людзей у цывільным, якія вялі відэаздымкі, а таксама з дзесятак журналістаў недзяржаўных СМІ.
Удзельнікі акцыі паспрабавалі пачаць раздаваць газеты, але намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама маёр Уладзімір Станілевіч папярэдзіў, што гэткія дзеянні будуць трактавацца як несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства — з усімі адпаведнымі наступствамі для яго ўдзельнікаў. На пытанне актывістаў, ці можна публічна чытаць прынесеную прэсу, міліцыянт адказаў станоўча.
Каля паўгадзіны ўдзельнікі акцыі стаялі, разгарнуўшы газеты. Пасля гэтага яны вырашылі падаць скаргу ў Пракурутуру РБ на дзеянні праваахоўных органаў, якія не дазволілі бясплатна раздаць легальныя зарэгістраваныя выданні.
У пракуратуры адмовіліся не толькі прыняць скаргу ўдзельнікаў акцыі, але і прадаставіць уласную кнігу скаргаў і прапаноў.
Пасля гэтага група актывістаў і журналістаў у суправаджэнні людзей у цывільным скіравалася да галоўнага будынку МУС. Прыкладна ў 13.00 карэспандэнт БАЖ паведаміў, што ўдзельнікі акцыі пакінулі запіс у кнізе скаргаў і прапаноў МУС з апісаннем падзей каля Галоўпаштамту і просьбай праверыць законнасць дзеянняў маёра Станілевіча.