Як адзначалі гадавіну Чарнобыля ў рэгіёнах
Аднаго з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху-2008” у Менску, старшыню грамадзкай арганізацыі “Саюз Чарнобыль-Беларусь” Аляксандра Валчаніна раніцай 26 красавіка затрымалі міліцыянты ў Жодзіне. Сп. Валчанін тлумачыць прычыну:
“Раніцай прышлі міліцыянты, праверылі, што я дома, і пайшлі. На той час у мяне была дамова зь сябрамі, што выйду на аўтамабільную трасу і зь імі паеду ў Менск. Пайшоў празь лясочак. На выхадзе мяне ўжо чакалі тры аўтамабілі. Загадалі: “Выходзьце, паедзем у міліцыю”.
Ня толькі Аляксандра Валчаніна міліцыя адлучыла ад акцыі. Са Слоніму паведамляе грамадзкі актывіст Алесь Масюк:
“Траіх нас: Івана Бедку — актывіста БНФ, Івана Шэгу — былога дэпутата райсавету, таксама сябра БНФ, і мяне 26 красавіка выклікалі ў міліцыю на 14.30. Перадусім, вядома, каб не паехалі ў Менск. Тут нам чэкісты нават патлумачылі, што калі ў Менску людзі з рэгіёнаў патрапляюць на відэа, то ў іх з-за гэтага зьяўляюцца непрыемнасьці. Таму іхняя задача — не прапусьціць у Менск людзей з рэгіёнаў”.
Паведамляе карэспандэнт “Свабоды” ў Магілёве:
А палове на сямнаццатую моладзь пачала зьбірацца ў цэнтры гораду. Каб правесьці акцыю, прымеркаваную да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вось што паведаміў “Свабодзе” актывіст партыі БНФ Зьміцер Салаўёў зь месца плянаванай акцыі:
“Вельмі шмат людзей. Болей за сорак чалавек, якія я бачу. Міліцыянты нават не хаваюць, што сочаць за моладзьдзю, якая зьбіраецца на месца акцыі. Аднак з-за таго, што будуць затрыманьні, хутчэй за ўсё, месца й час акцыі будуць перанесеныя. У нас шмат студэнтаў і ня хочацца, каб іх пазбавілі вучобы”.
Мерапрыемствы да гадавіны чарнобыльскай катастрофы актывісты апазыцыі правялі ў Крычаве ды Горках.
Алена Будкоўская з пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну:
“Раніцай наш сябар Сяргей Абразоўскі зьехаў на Чарнобыльскі шлях. Ён плянаваў там агучыць нашы праблемы ў справе будаўніцтва ў Дружным хімзаводу. Але нешта там здарылася зь міліцыяй каля вёскі Дукора. Яго, нібыта, зьбілі, падралі пінжак. У Сяргея Абразоўскага падняўся ціск і яго адвезьлі ў шпіталь у Мар'інай Горцы. Я зьвязалася з прыёмным пакоем і мне паведамілі, што ён знаходзіцца ў рэанімацыі”.
“Вельмі шмат людзей. Болей за сорак чалавек, якія я бачу. Міліцыянты нават не хаваюць, што сочаць за моладзьдзю, якая зьбіраецца на месца акцыі. Аднак з-за таго, што будуць затрыманьні, хутчэй за ўсё, месца й час акцыі будуць перанесеныя. У нас шмат студэнтаў і ня хочацца, каб іх пазбавілі вучобы”.
Гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова ДАІ аштрафавала і не дазволіла яму выехаць у Менск. Старшыня Гарадоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ быў кіроўцам машыны, на якой ён зь сябрамі зьбіраўся паехаць у Менск на “Чарнобыльскі шлях”. На выезьдзе з Гарадка машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і тры гадзіны спраўджвалі тэхнічны стан машыны. Калі даехаць да Менску часу ўжо не засталося, кіроўцу адпусьцілі, выпісаўшы сымбалічны штраф — 3,5 тысячы рублёў.