viasna on patreon

22 лютага адбылася сустрэча прадстаўнікоў шасьці апазіцыйных партыяў з намесьнікам міністра юстыцыі

2005 2005-02-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 лютага адбылася сустрэча прадстаўнікоў шасьці апазіцыйных партыяў з намесьнікам міністра юстыцыі Алегам Краўцовым. Прадстаўнікі партыяў казалі пра цяжкасьці, зь якімі сутыкнуліся партыі, юрыдычныя адрасы якіх знаходзяцца ў жылых памяшканьнях.
У сустрэчы з намесьнікам міністра юстыцыі Алегам Краўцовым бралі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, “Народнай грамады” і партыі жанчын “Надзея”. Усе гэтыя партыі днямі атрымалі ад Міністэрства юстыцыі папярэджаньні за тое, што многія іх рэгіянальныя структуры маюць юрыдычныя адрасы ў жылых памяшканьнях. Паводле ж патрабаваньня Мінюсту, да 1 лютага ўсе зарэгістраваныя партыйныя структуры павінны былі знайсьці сабе памяшканьні ў нежылым фондзе.

Апазыцыйныя лідэры патлумачылі намесьніку міністра, што гэтае патрабаваньне Мінюсту незаконнае і выканаць яго немагчыма. Бо партыйныя структуры рэгістраваліся ў жылых памяшканьнях паводле дзейнага заканадаўства, а закон ня мае зваротнай сілы. Паводле прадстаўнікоў партыяў, мінюстаўскае распараджэньне немагчыма выканаць яшчэ і таму, што ніхто з уладальнікаў офісных будынкаў ня хоча здаваць у арэнду свае памяшканьні партыйным структурам па льготных расцэнках, на якія партыі маюць права паводле закону. Тым больш, што мясцовыя чыноўнікі часта перашкаджаюць апазыцыянэрам арандаваць памяшканьні.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сказаў карэспандэнту Радыё Свабода: “Я зазначыў, што запрашэньне нас на размову пасьля вынясеньня папярэджаньня ня сьведчыць пра імкненьне Міністэрства юстыцыі весьці з намі дыялёг і супрацу. А сьведчыць, на жаль, пра імкненьне гаварыць з пазыцыі сілы. І ўзьнікае пытаньне: ці сапраўды Міністэрства юстыцыі стаіць на варце закону?”

Прадстаўнікі партыяў таксама казалі, што Мінюст ня мусіць быць карным органам і павінен нармальна супрацоўнічаць са структурамі грамадзянскай супольнасьці. Алег Краўцоў з гэтымі аргумэнтамі пагадзіўся. Ён прасіў выпрацаваць прапановы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі вакол партыйных структураў і перадаць іх у Міністэрства юстыцыі. Але прадстаўнікі партыяў ня надта спадзяюцца, што ціск уладаў на апазыцыю будзе спынены.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства