viasna on patreon

Ліквідаваны жаночы рух “Адраджэньне Айчыны”

2005 2005-02-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 лютага суддзя Вярхоўнага суду Беларусі Сакалоўская прыняла рашэньне пра ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі жаночы рух “Адраджэньне Айчыны”. Падставай для ліквідацыі сталі знойдзеныя кансультантам Міністэрства юстыцыі А. Харытонам памылкі ў вядзеньні справаводзтва і ў афармленьні пратаколаў кіруючага органу арганізацыі, а таксама несвоечасовае прадстаўленьне Мінюсту запатрабаванай інфармацыі пра дзейнасьць аб’яднаньня.

Акрамя таго, у судовым рашэньні сьцьвярджаецца, што арганізацыя парушыла нормы ўласнага статута падчас арганізацыі і правядзеньня ў сьнежні мінулага году круглага стала “Пытаньні гендэрнага балянсу ў сучасным грамадзтве”, а таксама падчас абмеркаваньня на паседжаньні ўласнай Управы пытаньняў выхаваўчай працы зь дзецьмі.

Як адзначае кіраўнічка БЖР “Адраджэньне Айчыны” Зінаіда Ганцук, з самага пачатку быў зразумелы характар будучага судовага рашэньня. “Нам вядома, што існуе загад на ліквідацыю нашай арганізацыі ў сувязі з пэўнай нашай актыўнай дзейнасьцю. Таму мы нават і не імкнуліся ў судзе пабудаваць нейкую стратэгію ўласнай абароны, паколькі наяўнасьць палітычнай замовы робіць другараднымі ўсе юрыдычныя аспэкты справы. Ведаючы, што ніводнае з грамадзкіх аб’яднаньняў ня здолела адстаяць у судзе права на існаваньне — мы ня лічым мэтазгодным актыўна процістаяць ужо фактычна прынятаму рашэньню аб ліквідацыі. Аспрэчым гэтыя падставы — дык адразу паўстануць новыя і новыя прэтэнзіі” — сказала спадарыня З. Ганцук у размове з карэспандэнтам belngo.info.

ГА “Беларускі жаночы рух “Адраджэньне Айчыны” было заснаванае ў 1997 годзе. Яго дзейнасьць была скіраваная на дапамогу жанчынам у рэалізацыі іхніх палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правоў. Грамадзкае аб’яднаньне працавала ў сфэрах прадухіленьня гандлю жанчынамі, працаўладкаваньня беспрацоўных жанчын, дабрачыннай і сацыяльнай дапамогі маламаёмасным і інвалідам, а таксама займалася выхаваньнем лідэрскіх якасьцяў у беларускіх жанчын і актывацыяй жаночай грамадзянскай дзейнасьці.

Варта адзначыць, што суддзя Сакалоўская ўжо адзначылася ліквідацыяй у 2001 годзе Моладзевага інфармацыйнага цэнтру.
Юрый Патоцкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства