БХК аспрэчвае папярэджанне Міністэрства юстыцыі, але вымушаны ліквідаваць рэгіянальныя аддзяленні.
Рада рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” (БХК) разгледзела пісьмовае папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі ў студзені 2005 г., у якім Мінюст прызнаў незаконным накіраванне ў якасці назіральнікаў асоб, якія не з’яўляліся членамі БХК, і накіраванне прадстаўнікоў БХК для абароны правоў асоб, якія не з’яўляліся членамі аб’яднання, а таксама выказаў прэтэнзіі да юрыдычнага адраса Брэсцкага аддзялення БХК.
Аналіз Выбарчага кодэкса (ВК) сведчыць, што заканадаўца дакладна размежаваў паняцці “прадстаўнік аб’яднання” і “прадстаўнік з ліку членаў аб’яднання”.
Гэтак, згодна з ч. 1 арт. 35 ВК палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні могуць накіроўваць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў толькі з ліку сваіх членаў. Аднак у адносінах да права накіроўваць назіральнікаў падобных абмежаванняў не ўстаноўлена. У адпаведнасці з ч. 3 арт. 13 ВК назіральнікамі на выбарах ва ўстаноўленным парадку накіроўваюцца прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
Таму ў якасці назіральнікаў за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў грамадскае аб’яднанне мае права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў не толькі з ліку сваіх членаў.
У адпаведнасці са Статутам галоўная мэта БХК – абарона ў Беларусі правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй, дзеючым заканадаўствам, а таксама Хельсінкскімі пагадненнямі, іншымі міжнароднымі дамовамі аб правах чалавека, інфармаванне грамадскасці аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і свеце. Дзеля рэалізацыі гэтай мэты БХК мае права прадстаўляць і абараняць правы і законныя інтарэсы асоб, якія лічаць, што іх правы парушаны, і якія звярнуліся ў адпаведным парадку ў БХК, у судах, дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх органах і арганізацыях (п. 3.1 Статута).
Дадзеныя статутныя палажэнні цалкам адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным стандартам, у прыватнасці Дэкларацыі аб праве і абавязку адрозных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, зацьверджанай Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 г. Палажэнні п. 2 арт. 22 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях” не забараняюць праваабарончаму аб’яднанню працаваць дзеля дасягнення сваіх статутных мэтаў, а ўстанаўліваюць агульныя для любых грамадскіх аб’яднанняў мінімальныя правы абараняць сваіх членаў незалежна ад статутных мэтаў самога аб’яднання.
Такім чынам, у дадзенай частцы вынесенае БХК папярэджанне супярэчыць заканадаўству і неабгрунтавана абмяжоўвае правы БХК, і Рада БХК прыняла рашэнне падаць адпаведную скаргу ў Вярхоўны Суд Рэспулікі Беларусь.
Аналіз прэтэнзій Міністэрства юстыцыі да юрыдычнага адраса Брэсцкага аддзялення БХК паказвае, што беларускім заканадаўствам устаноўлены надзвычай жорсткія патрабаванні да дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, а іх фармальнае парушэнне з’яўляецца падставай для прымянення адміністратыўных санкцый і ліквідацыі аб’яднанняў. Аднак грамадскія аб’яднанні, не маюць памяшканняў для юрыдычнага адрасу, не маюць сродкаў для ўтрымання штату кваліфікаваных спецыялістаў па справаводстве і не могуць забяспечыць выкананне гэтых патрабаванняў. Як сведчыць статыстыка, многія аб’яднанні ліквідаваны менавіта па адзначаных прычынах, многія аб’яднанні былі вымушаны самаліквідавацца. Неабгрунтаванасць жорсткага рэгулявання дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў у нашай краіне рэгулярна адзначаецца адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі.
У гэтых умовах дзеля ліквідацыі парушэнняў, адзначаных у папярэджанні, і не маючы магчымасці надалей гарантавана забяспечыць безумоўнае выкананне ўсіх патрабаванняў рэгіянальнымі аддзяленнямі, Рада БХК вырашыла ліквідаваць іх ва ўстаноўленым парадку і ўнесла адпаведныя змены ў Статут БХК. Праваабарончая праца ў рэгіёнах краіны будзе весціся упаўнаважанымі прадстаўнікамі БХК.
Рада БХК просіць Міністэрства юстыцыі прыняць меры, якія знаходзяцца ў яго кампетэнцыі, для ўстанаўлення ў Беларусі прававога рэжыму, спрыяльнага для дзейнасці і развіцця грамадскіх аб’яднанняў.
ПРЭС-СЛУЖБА БХК