Кацярына Салаўёва – чарговая ахвяра беларускага рэжыму
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць ганебнай практыкі прыцягнення моладзевых актывістаў да крымінальнай адказнасці за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі.
27 сакавіка 2008 году ў Полацкім гарадзкім судзе павінен быў пачацца судовы працэс над моладзевай актывісткай Кацярынай Салаўёвай, адлічанай у студзені 2008 году з 2 курсу гісторыка-філалагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага універсітэту.
28 сьнежня 2007 году К. Салаўёва была прызнаная падазраванай па крымінальная справе, узбуджанай Полацкім ГАУС па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя дзейнасьці грамадскага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі ці ўдзел у іх”. Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, Кацярына Салаўёва падазраецца ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Моладзевай актывістцы пагражае пакараньне ў выглядзе штрафа, арышту тэрмінам да 6 –ці месяцаў ці пазбаўленьне волі да двух гадоў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць крымінальны пераслед Кацярыны Салаўёвай палітычна матываваным. Мы чарговы раз заяўляем, што артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі мае цалкам палітычны характар, накіраваны на забарону дзейнасці грамадзкіх і палітычных актывістаў, перакананні якіх не адпавядаюць вызначанай дзяржаўнай ідэалогіі. Змест артыкула 193.1 КК парушае гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права грамадзянаў на свабоду асацыяцыяў і выказвання меркаванняў, супярэчыць узятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязацельствам у галіне выканання правоў чалавека. Крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з’яўляецца недапушчальнай для дэмакратычнай краіны.
Мы патрабуем ад уладаў спыніць пераслед Кацярыны Салаўёвай і іншых моладзевых актывістаў па палітычна матываваных падставах; адмяніць дзейнасьць арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь і прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з Канстытуцый Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах; забяспечыць выкананне правоў і свабодаў грамадзянаў краіны.