viasna on patreon

Улады прапанавалі аналітычнаму цэнтру “Сацыяльныя тэхналогіі” “добраахвотна самаліквідавацца”

2005 2005-02-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да канца лютага будзе зьліквідаваны аналітычны цэнтар “Сацыяльныя тэхналёгіі”. Няўрадавая арганізацыя праіснавала крыху меней за пяць гадоў і мусіць быць спыненая з прычыны трох афіцыйных папярэджаньняў, атрыманых летась ад Міністэрства юстыцыі. Карэспандэнт Радыё Свабода сустрэўся з кіраўніком цэнтру Аляксандрам Фядутам і пацікавіўся – што паслужыла падставай да такога рашэньня?

Як тлумачыць ініцыятыву ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму сам спадар Фядута? Ён лічыць, што гэткае рашэньне – вынік мэтанакіраванай кампаніі супраць так званага трэцяга сэктару: “Мы патрапілі пад тую кампанію, якую вядзе цэнтральная ўлада супраць усёй грамадзянскай супольнасьці. І менавіта таму былі вымушаныя прыняць такое рашэньне. Дарэчы, зачыніць арганізацыю па ўласнай волі, а не праз суд, было таксама прапановай ўлады, і мы зь ёй пагадзіліся. Чаму? Бо суд у сёньняшніх варунках мы б ня выйгралі. Магчыма, выйгрыш ёсьць хіба ў тым, каб прайграць па ўласнай волі, а не па волі трэцяга боку. Аднак усе разумеюць: спыніць працу чалавечага розуму немагчыма”.

У 2000 годзе спадара Фядуту крытыкавалі за так званы грамадзка-палітычны дыялёг паміж уладай і апазыцыяй, адным з вынікам якога якраз і сталася рэгістрацыя арганізацыі. Тады адной з мэтаў арганізацыі быў удзел у кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2001году: цэнтар самым непасрэдным чынам браў удзел у вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Леаніда Сініцына, на той час – віцэ-прэзыдэнта цэнтра. Наўрад ці Сініцын быў сур’ёзным канкурэнтам для астатніх прэтэндэнтаў, але ягонае вяртаньне ў палітыку было досыць нечаканым.

Пасьля выбараў праца аналітыкаў сканцэнтравалася на некалькіх праектах. Цэнтар ладзіў выпуск “Беларускага штогодніка” – маніторынгу важнейшых падзеяў за год (дарэчы, на сярэдзіну лютага заплянаваная прэзэнтацыя чарговага выпуску “штогодніка”). Яшчэ адзін праект “Сацыяльных тэхналёгіяў” – інтэрнэт-сайт “Наша меркаваньне” (www.nmnby.org), дзе зьмяшчаюцца аналітычныя матэрыялы беларускіх і замежных экспэртаў. Ці азначае ліквідацыя “Сацыяльных тэхналёгіяў” аўтаматычнае закрыцьцё сайту?

Спадар Фядута выказаў спадзяваньне, што зь ліквідацыяй цэнтру гэтыя праекты захаваюцца, паколькі аналітычныя працы вельмі запатрабаваныя – і ўладамі, можа, нават яшчэ больш, чым апазыцыяй. Магчыма, штосьці будзе адкарэктавана ў структуры, у тэхнічным аздабленьні, але палітычныя акцэнты, знаёмыя наведнікам сайту па адрэсе nmnby.org, застануцца нязьменнымі.

Фядута: “Тое, што прапануюць незалежныя экспэрты, больш аб’ектыўнае, чым тое, што прапануюць тыя, хто атрымлівае ад улады грошы... Экспэртаў шмат, але беларускае грамадзтва і, перадусім, беларускія палітычныя партыі лічаць, што яны самі дастаткова разумныя, і ўсё, што ім патрэбна – толькі крыху аздобіць прапановы, якія яны робяць грамадзтву. А атрымліваецца, як заўжды: спачатку прымаецца, напрыклад, рашэньне байкатаваць выбары, потым пішуць, што гэта адзінае, што магчыма ў дадзеных абставінах. Пасьля таго, як байкот адбываецца, усе гэтаксама пішуць, як дрэнна, што ён адбыўся. І ніхто ня робіць ніякіх высноваў. На жаль…”

Што да “Сацыяльных тэхналёгіяў”, то, як распавёў Аляксандар Фядута, ніхто пасьля 28 лютага бяз працы не застанецца. Шэраг экспэртаў атрымала прапановы ад палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацый прыняць удзел у іх аналітычных структурах, а сам спадар Фядута атрымаў прапанову ад фонду “За новую Беларусь”. Але канчатковае рашэньне будзе прынятае пасьля таго, як скончыцца “ліквідацыйны” пэрыяд. Ня выключана, што будзе прынятае нейкае кансалідаванае рашэньне – з кім працаваць надалей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства