viasna on patreon

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў абвясьціла пра намер зачыніць адзін з прыходаў Евангельскай царквы “Новае жыцьцё” ў менскім мікрараёне Сухарава

2005 2005-02-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Самі ж вернікі кажуць, што іншыя памяшканьні з гарадзкога фонду ім выдзяліць адмаўляюцца.

Кіраўніцтва МНС тлумачыць такое рашэньне нямэтавым выкарыстаньнем аб’екту: маўляў, хрысьціяне зьбіраюцца ў былым калгасным кароўніку, які не адпавядае патрабаваньням пажарнай бясьпекі. Сёньня аднаго з кіраўнікоў Эвангельскай царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча запрасілі ў аддзел Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Маскоўскага раёну і паведамілі: “Аб’ект” трэба зачыняць, бо праводзіць службы ў былым кароўніку нельга з гледзішча пажарнай бясьпекі. Аднак спадар Юрэвіч кажа, што іншых варыянтаў у вернікаў папросту няма.

(Юрэвіч: ) “Мы напісалі лісты ва ўсе выканкамы гораду з адным пытаньнем: дзе на тэрыторыі вашага раёну мы можам праводзіць статутную дзейнасьць? І ўсе як пад дыктоўку адказалі: прабачце, але для вас у нас месца няма”.

У 2001 годзе эвангелісты набылі ў мікрараёне Сухарава былы калгасны кароўнік. У дамове куплі-продажу наўпрост было запісана: канчатковай мэтай ёсьць узьвядзеньне на гэтай зямлі культавага збудаваньня. Аднак легалізавацца, як кажа Васіль Юрэвіч, так і не давялося.

(Юрэвіч: ) “Два з паловай гады мы спрабавалі дамагчыся адпаведнага дазволу, але ўлады ў дачыненьні да нас аказаліся абсалютна глухія: ня хочуць нас ні чуць, ні бачыць. Для іх увогуле было б найлепей, каб мы на Месяц адляцелі, каб тут ціха і спакойна было бяз нас”.

Вернікі эвангельскай царквы “Новае жыцьцё” за свой будынак зьбіраюцца стаяць “да апошняга”. Аднак адзін з найбольш актыўных прыхаджанаў царквы “Новае жыцьцё” Васіль Юрэвіч перакананы, што дзяржава папросту ня мае жаданьня паразумецца з эвангелістамі.

(Юрэвіч: ) “Нас пакуль нават не перарэгістравалі, таму патрэбна спачатку ўзаконіць нашыя адносіны зь дзяржавай, каб яна нарэшце прызнала, што мы нармалёвыя… Мы цяпер рыхтуем дакумэнты з патрабаваньнямі ў гарвыканкам: калі ім цікава з намі супрацоўнічаць — няхай супрацоўнічаюць, а не — усе 800 чалавек сыдзем у падпольле і будзем без усіх гэтых афіцыйных паперак займацца сваёй дзейнасьцю. Бо да гэтага штурхаюць...”

А вось як пракамэнтавала сытуацыю вакол уласнасьці царквы “Новае жыцьцё” кіраўніца Камітэту ў справах рэлігіяў Менскага гарвыканкаму Ала Рабіцава.

(Рабіцава: ) “Выдзяленьне зямельных участкаў пад культавыя збудаваньні ідзе з асабістага ўзгадненьня прэзыдэнта — і толькі. Перадача любых збудаваньняў — толькі з асабістага дазволу прэзыдэнта. Яны самі стварылі гэтую сытуацыю. Пакуль рыса гораду ня была зьмененая, мы іх і не чапалі. А цяпер гэта наш галаўны боль”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства