Кіраўніка ліквідаванага ўладамі аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандра Цынкевіча выклікалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Мінску для тлумачэньняў.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Гэтак спадару Цынкевічу адгукнулася восеньская выбарчая кампанія ў парлямэнт. У сваёй праграме актывіст АГП называў некаторыя ўказы А.Лукашэнкі “неразумнымі “ і абяцаў змагацца за іх адмену. Летась у кастрычніку раённая выбарчая камісія адмяніла рэгістрацыю Цынкевіча ў якасьці кандыдата, а цяпер ім занялася і пракуратура. Гаворыць Аляксандр Цынкевіч: “Мне кажуць, што ў калі ў вашай улётцы напісана, што вы будзеце супраць неразумных указаў і дэкрэтаў, а ў нас ўсім вядома, што дэкрэты і ўказы падпісвае прэзыдэнт Беларусі, значыць вы яго зьневажаеце і наводзіце на яго паклёп”.
Гэтыя прэтэнзіі Аляксандар Цынкевіч называе абсурднымі й незаконнымі. Паводле яго, “гэтак можна прычапіцца да любых крытычных выказваньняў у бок уладаў”. У пракуратуры апазыцыянэр адмовіўся даваць тлумачэньні сьледчым. Ён кажа, што не давярае пракуратуры, якая, на ягоную думку, не абараняе закону і правоў грамадзянаў. Аляксандар Цынкевіч не выключае, што, каб запалохаць і стрымаць ягоную апазыцыйную дзейнасьць, яму могуць абвясьціць папярэджаньне.
Папярэджаньне пракуратуры ўжо атрымала актывістка АГП Марына Багдановіч, якая падчас перадвыбарчай кампаніі жорстка крытыкавала ўлады Беларусі. У паклёпе на Аляксандра Лукашэнку сьледчыя пракуратуры падазраюць і вядомага праваабаронцу Алега Воўчака. Ён таксама быў зьняты зь перадвыбарчай гонкі пасьля крытыкі дзейнай улады, а потым адносна яго пачалася пракурорская праверка.