viasna on patreon

Па выніках праверкі Беларускага саюза моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў “Рада” падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіла спагнаць з арганізацыі 125 мільёнаў рублёў

2005 2005-01-27T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па выніках праверкі Беларускага саюза моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў “Рада” падатковая інспэкцыя Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіла спагнаць з арганізацыі нявыплачаныя падаткі, эканамічныя санкцыі і пеню. Агульная сума прэтэнзіяў падаткавікоў да “Рады” перавышае 125 мільёнаў рублёў – гэта рэкордныя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх няўрадавых арганізацыяў.

Падставы для такіх вялікіх штрафаў былі знойдзеныя намесьнікам начальніка падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёна г.Менска В. Л. Мірановічам і падатковым інспэктарам Е. В. Пшанічнай падчас мінулагодняй праверкі арганізацыі. Падаткавікі прыйшлі да высновы, што ў 2002 і ў 2003 годзе “Рада” безпадстаўна не плаціла падаткаў з міжнароднай тэхнічнай дапамогі, атрыманай ад Эўрапэйскай камісіі па праграме ТАСІS і ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па праграме ЮНІСЭФ.

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што ў мінулым годзе падобныя падатковыя прэтэнзіі адносна сродкаў праграмы ТАСІS былі высунутыя супраць грамадзкіх аб’яднаньняў “Беларускі Хельсінскі Камітэт” і “Воля да разьвіцьця” (Слонім). Тады ўсе судовыя інстанцыі прызналі, што сродкі ТАСІS скарыстоўваюцца паводле беларускага заканадаўства ў безпадаткавым рэжыме і арганізацыі цалкам законна не плацілі падаткаў з атрыманых грантаў.

Аднак назіральнікі пры гэтым адзначалі, што такая спрыяльная для грамадзкіх структураў пазыцыя суда была выкліканая тым, што кіраўніцтва праграмы ТАСІS пагражала ў адваротным выпадку ўвогуле спыніць выдзяленьне дапамогі Беларусі, у тым ліку і дзяржаўным структурам нават па праграме фінансаваньня пераабсталяваньня беларускай памежнай інфраструктуры (толькі гэтая праграма складае больш за 16 мільёнаў эўра). Зараз дадзеная праграма канчаткова зацьверджаная, зацьверпджаны і плян працы ТАСІS у Беларусі на наступныя гады. Напэўна, падаткавікі вырашылі прынцыпова завалодаць грашыма, што былі пералічаныя эўрапейскімі структурамі беларускім няўрадавым арганізацыям.

Таксама цікавым момантам з’яўляецца тое, што нядаўна ў “Радзе” зьмянілася кіраўніцтва – старшынёй арганізацыі стала Сьвятлана Каралёва, якая выразна акцэнтавала палітычны аспэкт у дзейнасьці “Рады”. Нагадаем, што прэзыдэнт Лукашэнка ня так даўна назваў гэтую арганізацыю “дзіравым парасонам”, які перашкаджае працы БРСМу. Тым ня меньш, парушэньні, якія быццам бы дапусьціла “Рада”, адносяцца да часоў, калі арганізацыю ўзначальвала папярэдняя старшыня – Яніна Зінчанка.

“ТАСІS-гейт” працягваецца. Відавочна, што гэта далёка не апошняя ахвяра падаткавікоў, рукамі якіх грамадзкія актывіты ператвараюцца ў небяспечных злачынцаў: тэхнічную дапамогу і гранты па легальных каналах атрымлівала вялікая колькасьць арганізацыяў. (прэс-служба Асамблеі НДА)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства