viasna on patreon

На помніку льготам не вянуць кветкі

2008 2008-01-31T16:57:20+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У райцэнтры Пружаны на Берасьцейшчыне ўсё больш людзей наведваецца на месца сымбалічнага пахаваньня сацыяльных ільготаў.

– Я ніколькі не шкадую затрачаных сродкаў на будаўніцтва такіх палацаў, – заявіў 27 ліпеня 2007 году ў Пружанах Аляксандар Лукашэнка.

Разьвіваючы думку аб грашовай шчодрасьці для гарадкоў глухамані, прамоўца паабяцаў, што неўзабаве ў Пружанах пабудуюць футбольнае поле, баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, тэнісны корт.

Сыходзіць першая зіма ў выкананьні абяцаньняў. Камяні, якімі пазначаныя месцы будучых спартовых аб’ектаў, пачынаюць абрастаць мохам. А адзін з вырабаў заводу ЖБІ ўпадабаны ўжо як помнік. На ім цяпер жывыя кветкі-гвазьдзікі і памінальныя надпісы: "Любім, помнім, сумуем".

Ідэя карыснага выкарыстаньня будаўнічага мерцьвяка належыць маладому жыхару Пружанаў Уладзімеру Радзівончыку. Ён кажа:

– Каб глыба дарма не мазоліла людзям вочы, мы трошкі зварухнулі яе на ўзгорак, падсыпалі грунту і наклеілі жалобныя надпісы. Цырымонію адкрыцьця прымеркавалі да 40 дзён пасьля ўступленьня ў сілу лукашэнкаўскага ўказу аб адмене сацыяльных ільготаў.

Са словаў Уладзімера Радзівончыка, у Пружанах на сёньня 15 тысяч насельніцтва. Працуюць тут толькі малочны камбінат, лесапілка, каўбасны цэх, ільнозавод. Больш як палова насельніцтва – пэнсіянэры.

– Лёдавы палац для іх – аб'ект нянавісьці, – гаворыць Уладзімер. – Старых раздражняе, што дзеля эканоміі электрычнасьці на захаваньне лёду, на вуліцах практычна не ўключаюць электраасьвятленьне. У кватэрах часта адсутнічае гарачая вада. У райцэнтры скасаваныя цяпер ільготы пры наведваньні лазьні і цырульні...

Як высьвятляецца, да каменю ў Пружаны наведваецца шмат цікаўных. Некаторыя зь іх падтрымліваюць іронію моладзі і пакідаюць жывыя кветкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства