viasna on patreon

Заява беларускіх арганізацый Польшчы ў сувязі з сітуацыяй, якая скалалася вакол тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва"

2004 2004-12-29T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беласток 10.12.2004 г.
Заява
У Польшчы адной з самых шматлікіх нацыянальных меншасцей з’яўляюцца беларусы пражываючыя ва ўсходняй частцы Падляшскага ваяводства. Паводле ўсеагульнага перапісу насельніцтва ад 2002 года аб прыналежнасці да гэтай нацыянальнасці заявіла амаль 50 тысяч чалавек. Аднак гэты лік значна не поўны, паколькі большасць з-за боязі перад рэакцыяй польскага асяроддзя палічыла за лепшае скрыць сваё этнічнае паходжанне.
Ад некалькіх гадоў мяняецца на горшае атмасфера вакол беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Аднак у 2003-2004 гадах накапіліся здарэнні, якія выклікалі вялікую занепакоенасць у беларускіх асяроддзях. У маі і чэрвені 2003 года прадстаўніцтва Найвышэйшай кантрольнай палаты ў Беластоку прыняло шэраг дзеянняў з мэтай даказаць крымінагенныя схільнасці беларускай інтэлігенцыі. Гэта датычыць нешматлікай грамадскай групы, якая была арганізатарам культурнага, асветнага і палітычнага жыцця беларусаў у Польшчы. Функцыянеры дзяржкантролю, выкарыстоўваючы памылкі фармальнага характару, зробленыя бухгалтаркай Праграмнай рады тыднёвіка „Ніва”, распачалі істэрычную прапагандысцкую кампанію супраць выдаўцоў адзінага часопіса на беларускай мове ў Польшчы. Хаця ў ходзе фінансавай праверкі не выяўлена страты ніводнай залатоўкі з дзяржаўных датацый, ані выкарыстання іх на мэты нязгодныя са статутнай дзейнасцю, паслякантрольныя дакументы былі складзены ў такі спосаб, каб паказаць свядомае парушэнне закону выдаўцамі. Функцыянеры дзяржкантролю маніпулявалі фактамі і лічбамі, каб паказаць як мага вялікія сумы, якія былі выдадзены, напрыклад, з парушэннем абавязваючых тэрмінаў іх расходавання.
Адпаведна змайстраваныя дакументы паслужылі затым паклёпніцкай прапагандысцкай кампаніі супраць Праграмнай радзе тыднёвіка „Ніва”, у якую ўключыліся журналісты лакальнх сродкаў масавай інфармацыі ¬– прэсы, радыёвяшчання і тэлебачання. Некалькі тыдняў пазней мас-медыі трыумфальна абвясцілі накіраванне справы ў мясцовую пракуратуру.
Праграмную раду тыднёвіка „Ніва” састаўляюць лідэры беларускіх арганізацый створаных у Польшчы пасля 1989 года. Сваю дзейнасць вялі яны на грамадскіх пачатках, не атрымоўваючы за гэта ніякай заплаты, ані іншых форм узнагароджання. Члены Праграмнай рады не мелі ніякага дачынення да бухгалтэрыі ці рахункаводства.
Пасля года следства, якое вяла паліцыя пад наглядам пракуратуры, абвінавачанні былі вынесены 5 членам Праграмнай рады. Тры асобы абвінавацілі ў злачынстве, якое зводзіцца да парушэння закону аб рахункаводстве, у той час, калі яны не былі членамі Праграмнай рады. У адносінах да ўсіх абвінавачаных прымяняліся прыніжаючыя працэдуры, такія, якія звычайна ўжываюцца ў адносінах да віноўнікаў небяспечных крымінальных учынкаў, а паліцыя дэманстратыўна здзейсніла наезды на кватэры падазроных з мэтай апісаць іхнюю маёмасць.
Прыніжанню асоб, якім не быў даказаны ўдзел у злачынстве, спадарожнічала новая прапагандысцкая кампанія, ведзеная гэтым разам Раённай пракуратурай Беласток-Поўдзень, кіраўніцтва якой у СМІ распаўсюджвала інфармацыю, што выдаўцы „Нівы” зрабілі ўчынкі, за якія пагражае да 8 гадоў турэмнага зняволення. У пачатку кастрычніка 2004 г. лакальная прэса кожны дзень множыла злачынныя ўчынкі, якія мелі быць здзейсненыя беларускай інтэлігенцыяй у Польшчы. У інтэрнэтных дыскусіях знявагі ў адрас беларусаў мяшаліся з шавіністычнымі прапановамі пасадзіць за краты ўсіх асоб гэтай нацыянальнасці. У лістападзе пракуратура абвінаваціла чарговых 5 асоб, якія раней былі членамі Праграмнай рады.
Псіхічны тэрор у адносінах да беларускай інтэлігенцыі гэта вынік не толькі дзеянняў мясцовых функцыянераў дзяржкантролю і пракурораў. У пачатку снежня пабываў у Беластоку шэф Найвышэйшай кантрольнай палаты Міраслаў Сэкула, які на прэс-канферэнцыі, сарганізаванай ягонымі падначаленымі, адобрыў іх дзеянні ў адносінах да беларускага асяроддзя.
Паралельна з рэпрэсіямі ў адносінах да выдаўцоў „Нівы” дзяржкантроль узняў спробу паралізаваць працэс навучання беларускай мовы ў школах на Беласточчыне. Пасля праверкі некалькіх школьных устаноў ад дырэктараў сталі патрабаваць браць у бацькоў заявы з пацвярджэннем іх волі навучаць дзяцей роднай мове. У мінулым такое фармальнае патрабаванне прымянялася тады, калі дзяржаўныя ўлады намерваліся абмежаваць або ліквідаваць беларускае школьніцтва ў Польшчы.
Дзеянні людзей, якія прадстаўляюць апарат дзяржаўнай улады, давялі да затармажэння ўсялякай актыўнасці беларускіх асяроддзяў у Польшчы. Казус Праграмнай радай спарадзіў перакананне, што рэпрэсіі могуць прымяняцца за само членства ў беларускай арганізацыі. Упершыню з часу ўзнікнення дэмакратычнай сістэмы беларуская грамадскасць адчувае страх выкліканы яўна дыскрымінацыйнымі дзеяннямі асоб, якія прадстаўляюць польскую дзяржаву. Да гэтай пары беларусы жылі ў перакананні, што плацяць падаткі на паліцыю, пракуратуру, адміністрацыю – установы, якія ахоўваюць іхнія грамадзянскія правы. Сёння гэтае аптымістычнае ўяўленне замянілася ведамі, што гэта інструменты рэпрэсіі, якія выкарыстоўваюцца ў дзеяннях у адносінах да беларускага асяроддзя ў Польшчы.
Чакаем, што вярхоўныя дзяржаўныя ўлады высветляць акалічнасці апісаных здарэнняў і вернуць верагоднасць падначаленых ім устаноў.
Старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак
Старшыня Згрутавання „Villa Sokrates” Сакрат Яновіч
Старшыня Беларускага форуму самакіравання Міхал Андрасюк
Сакратар Управы Беларускага літаб’яднання „Белавежа” Міраслава Лукша
Старшыня Беларускага культурнага таварыства „Хатка” ў Гданьску Галена Глагоўская
Старшыня Беларускага асветнага таварыства Пётр Хомік
Старшыня Згутавання „Музей малой Айчыны ў Студзіводах” Дарафей Фіёнік
Старшыя Асацыяцыі беларускіх журналістаў Юрка Хмялеўскі
Старшыня Беларускага дэмакратычнага аб’днання Яўген Янчук
Старшыня Звязу беларускай моладзі Міхал Сцепанюк
Старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Ілона Карпюк
Старшыня Фонду „Царкоўная музыка” Мікола Бушко
Выканаўчы дырэктар Фонду „Царкоўная музыка” Ірына Парфянюк
Намеснік старшыні Згуртавання „Музей і асяродак беларускай культуры” ў Гайнаўцы Ян Карчэўскі
Дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Яўген Сачко
Дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім Андрэй Сцепанюк
Сакратар Павятовага аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Гайнаўцы Міхал Голуб

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства