Адзін дзень палітвязьня Мікалая Аўтуховіча
Уладальнік радыётаксі з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч апынуўся за кратамі на тры з паловай гады. Фармальна за нясплату падаткаў у асабліва буйным памеры, але шмат акалічнасьцяў засталося па-за рамкамі судовай справы і прысуду, а яны відавочна уплывалі на лёс вязьня. Хаця падкрэсьлім адразу: для многіх ён па-ранейшаму здаецца неадназначнай асобай. Чаму? Паспрабуем адказаць на гэтае пытаньне ніжэй.
Аўтуховіч абвінаваціў у карупцыі прадстаўніка падатковай службы
Спадар Аўтуховіч стварыў у родным райцэнтры даволі буйную службу таксі: новыя “мэрсэдэсы” зь вялікімі плафонамі прыцягвалі ўвагу і, мяркуючы па ўсім, прыйшліся даспадобы гараджанам. Усе машыны, а іх было дваццаць шэсьць, і ўсе таксомэтры належалі асабіста прадпрымальніку. Кіроўцы, аднак, былі на ўліку ў іншай — партнэрскай фірме “Ніка-транс”, але выручку здавалі Аўтуховічу. А гэта парушэньне “касавай дысцыпліны”, вырашылі падаткавікі і арыштавалі таксоўкі. Магчыма гэта супадзеньне, але адбылося гэта пасьля таго, як Мікалай Аўтуховіч даў паказаньні супраць працаўніка падатковай службы, абвінавачваючы яго ў карупцыі, і была нават распачата крымінальная справа.
У той час Аўтуховіч упершыню прыцягнуў увагу да свайго імя, распачаўшы галадоўку пратэсту. Да яго далучыліся некалькі ягоных працаўнікоў: вярніце таксоўкі, дайце працаваць! У кастрычніку 2003-га мы гутарылі зь ім пра акцыю, пра патрабаваньні да ўладаў, нечакана ў памяшканьне ўвайшоў Уладзімір Саўчанка — старшыня аблвыканкаму і папрасіў пакінуць іх сам-насам. На вуліцы стаяў вялікі джып, які звычайна можна ўбачыць перад аблвыканкамам у Горадні. Спадар Саўчанка прыехаў сам за кіраўніцай, каб дамовіцца з галадоўнікам. Уладзе была яўна не даспадобы масавая галадоўка, пра якую стала досыць шырока вядома. Дагэтуль нічога падобнага не здаралася ня толькі на Гарадзеншчыне, але й у краіне.
Абраз замест Лукашэнкі
Таксоўкі пазьней вярнулі, але штрафы засталіся, прадпрымальнік пачаў змаганьне праз гаспадарчы суд, якое зацягнулася надоўга. Прычым ён прынцыпова падкрэсьліваў, што палітыкай не займаецца. Пра гэта, дарэчы, успамінаюць адны зь лідэраў прадпрымальнікаў былыя палітвязьні Валеры Леванеўскі і Аляксандра Васільеў, якія наведалі тады ваўкавыскага галадоўніка. Гэта быў выпадак, да якога пасавала сучасная прымаўка: калі ты не цікавішся палітыкай, яна зацікавіцца табой сама. Між іншым, даволі эпатажна выглядаў партрэт прэзыдэнта Лукашэнкі ў Аўтуховіча, нібы ў кабінэце чыноўніка, пад якім прадпрымальнік ляжаў на канапе падчас галадоўкі. Значна пазьней — пасьля знаходжаньня ў сьледчым ізалятары, калі Аўтуховіч дамогся, каб яго выпусьцілі пад хатні арышт, замест прэзыдэнцкага партрэту павесілі праваслаўны абраз.
Прадпрымальнік сам адчуваў, што яго цягне ў палітыку, не зважаючы на ўласныя сьцьвярджэньні пра адваротнае. Ён распачаў актыўную кампанію на выбарах у Палату прадстаўнікоў, што адбываліся разам з рэфэрэндумам наконт трэцяга тэрміну Лукашэнкі, прыклаў вялікія намаганьні, каб стаць дэпутатам. Улады, са свайго боку, зрабілі вялізныя высілкі, каб незалежнага кандыдата не дапусьціць у парлямэнт, дэпутаткай якога стала настаўніца. Вялікую колькасьць незалежных назіральнікаў пазбавілі акрэдытацыі, Аўтуховіч пісаў скаргі, але безвынікова.
Масавы страйк кіроўцаў таксовак
У час выбарчай кампаніі, калі ён езьдзіў выступаць на прадпрыемствах перад выбаршчыкамі, у яго заблякавалі рахунак. У адказ прадпрымальнік арганізаваў масавы страйк: дваццаць таксовак прыяжджалі на плошчу Леніна, дзе нядаўна ўлады адзначылі “Дажынкі-2004”. Кіроўцы не абслугоўвалі пасажыраў і патрабавалі магчымасьці нармальна працаваць. У акцыі ўдзельнічалі каля сямідзесяці чалавек. Пасьля перамоваў з тагачасным кіраўніком райвыканкаму Міхаілам Савельевым (цяпер ён — намесьнік міністра сельскай гаспадаркі), рахунак прадпрымальніка разблякавалі.
Жыхары Ваўкавыску добра ведалі ўсе падрабязнасьці змаганьня Аўтуховіча і ягоных кіроўцаў, ведалі пра галадоўкі, страйкі, перамовы з уладамі ды іхнія абяцаньні. У горадзе якраз выходзіла прыватная “Местная газета”, якая друкавала рэпартажы, гутаркі, мноства здымкаў, прысьвечаных тэме. Такім чынам, прадпрымальнік меў публічную трыбуну, прычым выданьне перавышала па тыражы і папулярнасьці афіцыйную газэту раённых уладаў. Варта дадаць, што “Местной газеты” ўжо няма...
Галадоўкі, страйкі ў ціхім правінцыйным Ваўкавыску, прычым масавыя, зрабіліся амаль што рэгулярнымі. Завадатарам усіх акцый пратэсту быў менавіта Аўтуховіч. Нічога падобнага не назіралася ў іншых гарадах вобласьці. І аднойчы, апроч справы, якой займаўся гаспадарчы суд, супраць прадпрымальніка была распачата крымінальная, Аўтуховіча, як ён лічыў, заманілі ў Горадню і арыштавалі. Была сярэдзіна кастрычніка 2005-га. Ён адразу сказаў, што будзе галадаць.
Галадоўка за кратамі
Паведамлялася, што арыштаваны сапраўды не ясі за кратамі, але чым далей, тым болей узьнікала пытаньняў: няўжо рэальна абыходзіцца бязь ежы месяц, затым два месяцы? Адны з палітычных дзеячаў лічылі, што гэта амаль што падман, іншыя казалі: выкарыстоўваць галадоўку як сродак ціску — слушна, бо калі б Аўтуховіч жорстка адмовіўся ад усяго і памёр, чаго б ён гэтым дамогся? Пытаньне гучала досыць рытарычна. Галадоўнік знаходзіўся ў камэры, доступу да яго не было, турэмнае начальства ніякай інфармацыі не давала, таму цяжка было меркаваць пра яго сапраўдны стан. Па некаторых зьвестках, Мікалай Аўтуховіч мог падтрымліваць сябе гарбатай зь мёдам, які яму перадавалі з волі. Іншымі словамі, галадоўка магла быць няпоўнай. Аднак мэдыкі казалі: непрыманьне ежы такі працяглы час у любым разе вельмі небясьпечнае для здароўя.
Скептыкі атрымалі больш-менш пэўны адказ на свае сумневы, калі галадоўніка на 63-ці дзень перавезьлі з гарадзенскай камэры ў турэмны шпіталь у сталіцы. Ён адмаўляўся ад мэдычнай дапамогі, і дактары ацэньвалі ягоны стан як цяжкі. Мікалай Аўтуховіч папрасіў сустрэцца з праваслаўным сьвятаром зь Берасьця айцом Сергіем. Бацюшка распавёў пасьля: “Я яго паспавядаў, ён, канешне, быў вельмі задаволены. Сказаў, будзе галадаць да канца. Папрасіў на Раство 7 студзеня яго пасабораваць. Ён сказаў: бацюшка, я можа не дажыву, у любую хвіліну магу памерці”. У вязьня істотна пагоршыўся зрок, ён папрасіў каб яму перадалі “Эвангельле”, але надрукаванае вялікімі літарамі.
За час турэмнай галадоўкі прадпрымальнік страціў 38 кіляграмаў
Сваёй галадоўкай прадпрымальнік дамогся амаль немагчымага: яго адправілі у Ваўкавыск пад хатні арышт. Сябры тады казалі: калі Аўтуховіча прывезьлі ў раённы шпіталь, многа людзей убачылі яго — хворыя, дактары, усе толькі з жалем моўчкі хіталі галовамі. Нават міліцыянт выказаў зьдзіўленьне: як ён зьмяніўся! Усе былі ў шоку, сказаў адзін зь сяброў Аўтуховіча і дадаў: людзі ўбачылі, што ён сапраўды галадаў, без падману. Дарэчы, сябры сабралі сярод жыхароў Ваўкавыска каля адной тысячы подпісаў за тое, каб Аўтуховічу зьмянілі меру стрыманьня. За час турэмнай галадоўкі прадпрымальнік страціў 38 кіляграмаў, стаў важыць 68, меўшы раней 106 кіляграмаў.
Яму трэба было выходзіць з галадоўкі і падлячыцца, наперадзе чакаў суд. Паводле ўмоваў хатняга арышту, Мікалаю Аўтуховічу абмежавалі кантакты, забаранілі выходзіць з дому, тэлефанаваць, за ім усталявалі назіраньне. Аднак ён зноўку зьдзівіў усіх, уцёк. У адкрытым лісьце да Генэральнага пракурора напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачаньні — несправядлівымі, што ня верыць у справядлівасьць суду і здымае зь сябе абавязкі адносна знаходжаньня пад хатнім арыштам. На яго быў абвешчаны вышук, у міліцэйскай абвестцы напісалі, што Аўтуховіч узброены і што адмоўна ставіцца да ўлады, хаця зброі ён ня меў.
Яго схапілі дакладна праз два месяцы на сталічнай вуліцы, ён хадзіў у цырульню. Уцякач знаходзіўся ў Менску і, мяркуючы па ўсім, ня вельмі прытрымліваўся кансьпірацыі. Калі яго пад аховай даставілі ў Горадню ў Кастрычніцкі суд, нам удалося крыху паразмаўляць. Аўтуховіч хаваўся па розных адрасах, лячыў дзясны і зубы. Няўжо ён спадзяваўся, што доўга так пратрымаецца? Не, адказаў ён: “Доўга хавацца ўсё роўна немагчыма, былі сур’ёзныя сілы задзейнічаны — КДБ, крымінальны вышук рэспубліканскі, прадчуваньне ўжо было, так”. Прадчуваньне, што высачылі.
Перадаваў на Кастрычніцкую плошчу ежу
Перасьледуюць хутчэй нават не за падаткі, а за ўплыў на людзей у Ваўкавыску, сказаў мне Аўтуховіч. Таму, як ён лічыць, яго хацелі схаваць за краты на час прэзыдэнцкай кампаніі. У Менску ён сачыў за выбарамі, пасьля — за падзеямі, якія адбываліся на Кастрычніцкім пляцы. Няўжо ў яго была надзея, што пераможа Мілінкевіч, і ў ягоным лёсе могуць наступіць перамены? Не, на гэта ён не спадзяваўся, сказаў вязень. І яшчэ прызнаўся пад сакрэтам, што перадаваў на Кастрычніцкую плошчу ежу. Атрымліваецца, што ня меў ілюзыяў адносна вынікаў супраціву моладзі на плошчы, на сваю ўласную ўдачу — таксама, але яго захапляў чужы прыклад мужнасьці, трываласьці, чым ён сам зьдзіўляў не аднойчы сваіх прыхільнікаў.
Аўтуховіч праясьніў тады сваю пазыцыю: “Яны маглі б ужо зразумець за гэтыя тры гады, што мяне не зламаць, што б яны не вырашалі, усе іхнія рашэньні ліпавыя. Яны думаюць, што калі яны такія баязьлівыя, дык і ўсе такія. Не, ня ўсе. Калі мяне сёньня зачыняць, я пачну галадаць. Гэта не за грошы, гэта за праўду, за справядлівасьць. Прычым тут грошы? Гэта ўжо прыніжэньне, гэта — прыніжэньне”. Ён сказаў таксама, што гатовы нават ахвяраваць жыцьцём: “Карацей, я буду ісьці да апошняга. У нас пакуль трагедыя ня здарыцца, ніхто разьбірацца ня будзе. Але есьці я ня буду да апошняга. Я не прызнаю абвінавачаньня. Я кладу сваё жыцьцё, па-іншаму тут ніяк не дакажаш”.
Падчас суду ён зноўку галадаў, яму ставілі кропельніцу, працэс перапыняўся, затым каля клеткі ў судзе побач зь ім дзяжурыў турэмны фэльчар… Мне не аднойчы даводзілася пытацца ў самога сябе: у чым прычына такой упартасьці Аўтуховіча, трывушчасьці, бескампраміснасьці, нават адважнасьці? З такімі пытаньнямі звычайна не зьвяртаюцца да тых, каго яны датычаць непасрэдна…
Напэўна, проста характар у яго такі, іншага адказу ў мяне не знайшлося. Мне здаецца, гісторыя прадпрымальніка Аўтуховіча выглядае па сутнасьці прыкладам заходнебеларускага гарту. А вайна ў Аўганістане, у якой ён удзельнічаў, толькі ўмацавала яго, там яму даводзілася сутыкацца вочы ў вочы з сапраўднай небясьпекай.
У турме Мікалай Аўтуховіч сочыць за прэсай, цікавіцца навінамі. Ён не працуе, займаецца самаадукацыяй, спортам, гуляе ў настольны тэніс. Парушэньняў рэжыму ў яго не было. Сябры пішуць яму часта — па два-тры лісты кожны тыдзень. Нечаканасьцю для яго стала канфіскацыя часткі маёмасьці. Ён перакананы па-ранейшаму, што невінаваты і не зьбіраецца дараваць уладам.
Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы закончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонту аўтамабіляў. У 1981 годзе яго забралі ў армію, служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Пазьней закончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць ва Аўганістане. За ахову мосту пад Кандагарам, ды ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, стаў займацца бізнэсам. У родным горадзе заснаваў валейбольны турнір з нагоды вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, чарговы адбудзецца ў лютым 2008 году.
Жонка Алена працуе ў прадпрымальніка, дачка Каця вучыцца ў школе ў 11-й клясе.
Мікалай Аўтуховіч быў зьняволены 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за ухіленьне ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі. Тэрмін зьняволеньня яму адлічваецца ад 15 кастрычніка 2005 году, калі яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар. Ён знаходзіцца ў калёніі N1 у Менску.
Суд па канфіскацыі маёмасьці адбыўся пры канцы 2007 году. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. Тым часам канфіскаваны 13 таксовак, кватэра і два склады. Да спагнаньня была прызначана сума больш як на 350 мільёнаў рублёў.
Мінулыя перадачы за студзень з цыклу "Адзін дзень з жыцьця палітвязьня":
- Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Лыска
- Адзін дзень палітвязьня Юрыя Лявонава
- Адзін дзень палітвязьня Міхаіла Марыніча