Маніторынг правоў чалавека ў 2007 у Беларусі
За апошняе дзесяцігодзьдзе маніторынгі правоў чалавека сталі адным з інструмэнтаў міжнароднай палітыкі. Міжнародныя ўрадавыя й неўрадавыя арганізацыі, такія як АБСЭ альбо Freedom House ці Transperency International, рэгулярна праводзяцца дасьледваньні парушэньняў правоў чалавека ў розных рэгіёнах сьвету. Падобная праца выконваецца й у Беларусі: прадстаўнікамі неўрадавых арганізацыяў і праваабаронцамі. Ужо зьявіліся першыя агляды сытуацыі з правамі чалавека ў 2007 годзе ў Беларусі.
За апошнія гады ў палітычнай ды грамадзкай дзейнасьці вельмі шырока пачалі выкарыстоўваюцца маніторынгі, якія датычаць розных пытаньняў функцыянаваньня дзяржавы й грамадзтва. Што значыць маніторынг, чым ён адрозьніваецца ад іншых інструмэнтаў грамадзкай дзейнасьці й на чым палягае ягоная эфэктыўнасьць, на гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Аляксандар Лагвінец.
Аляксандар Лагвінец: У якасьці тлумачэньня панятку “маніторынг” варта ўзгадаць вызначэньне, якім карыстаюцца аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, такія як АБСЭ. Згодна з гэтым вызначэньнем, маніторынг – гэта заплянаванае, сыстэматызаванае дасьледаваньне, якое праводзіцца па прынятай схеме, датычыць выбранага аспэкту грамадзкай рэчаіснасьці дзеля дасягненьня станоўных зьменаў без выкарыстаньня прымусу й гвалту. Эфэктыўнасьць маніторынгаў палягае на тым, што гэтая праца дазваляе прадставіць поўны вобраз сытуацыі ў выбранай галіне, дыягназаваць праблемы ды вызначыць іх прычыны. Апрача гэтага, маніторынгі могуць стаць падставай для выпрацаваньня стратэгіі далейшай дзейнасьці ініцыятара або аб’екту маніторынгу – дзяржавы, арганізацыі альбо групы асобай. Сёньня вельмі часта маніторынгі выкарыстоўваюцца ў галіне правоў чалавека дзеля вывучэньня заканадаўства й аналізу прававыканаўчай практыкі.
У Беларусі маніторынгі ў галіне правоў чалаека праводзяцца больш за 10 гадоў з моманту зьяўляеньня першых праваабарончых арганізацыяў у другой палове 1990-ых гадоў. Паводле праваабаронцы Алеся Бяляцкага, адным з эфэктыўных інструмэнтаў праваабарончай дзейнасьці ў сёньняшніх умовах зьяўляецца падрыхтоўка маніторынгаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Алесь Бяляцкі: У цяперашнія часы адна з асноўных нашых задачаў – гэта збор інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека, і распаўсюд гэтай інфармацыі. На маю думку, з выконваньнем гэтай задачы беларускія праваабаронцы дастаткова пасьпяхова спраўляюцца. Дзякуючы гэтай нашай працы, міжнародная грамадзкасьць добра паінфармаваная пра сытуацыю ў Беларусі. Мы рыхтуем міжнародныя даклады й для АБСЭ, ААН, Рады Эўропы, маем таксама добрыя кантакты з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Гэта дае магчымасьць міжнароднай супольнасьці прыймаць аб’ектыўныя ацэнкі й адпаведным чынам аказваць ціск на беларускія ўлады.
Адзін з апошніх маніторыгаў зьявіўся на днях на старонцы Праваабарончага альянсу, ён называецца “Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2007-м годзе”. У гэтым матэрыяле сабраныя факты парушэньняў правоў чалавека за мінулы год. Найбольш парушаюцца палітычныя правы грамадзянаў: права на свабоду выказваньняў, сходаў, поглядаў, дзейнасьці. Так, праваабаронцы адзначылі факты пераследу незалежных журналістаў: затрыманьні, судовыя працэсы, канфіскацыі прыладаў працы. У 2007 годзе працягваўся перасьлед моладзевых актывістаў, асабліва сябраў „Маладога Фронту” за дзейнасьць ад імя незарэгістравай арганізацыі ці распаўсюд улётак, альбо за палітычныя графіці. З іншага боку адзначаецца, што ў гэтым годзе былі вызвалены некаторыя палітычныя вязьні, улуды ўстрымаліся ад масавых арыштаў подчас вулічных акцыяў. На думку аўтаркі хронікі, Людмілы Гразновай, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сытуацыя з правамі чалавека ў мінулым годзе вызначалася ваганьнямі.
Людміла Гразнова: Агульная лічба такая - за гэты год паўтары тысячы актывістаў былі пад розным уціскам, пачынаючы з доўгатэрміновых арыштаў і тэрмінаў для Казуліна, Клімава, Зьміцера Дашкевіча, Артура Фянькевіча, потым ідуць арышты на 15 сутак, штрафы й зьбіцьцё, вобыскі, выклікі на бяседы з супрацоўнікамі КДБ, ціск на розныя арганізацыі й апазыцыйныя партыі. Але людзі ўсё вытрымалі, пераадолелі й далей змагаюцца за незалежную й дэмакратычную Беларусь. У сваёй працы я кіравалася тым, што ня трэба нагнятаць страх, запалохваць людзей. Трэба вельмі станоўча ацаніць той факт, што некалькі тысяч людзей трымаюць абарону крэпасьці “дэмакратычная Беларусь” і не дазваляюць давесьці да таго, каб тут было як у Туркмэністане, Узбэкістане й іншых паўднёвых краінах. Таму трэба запісваць кожнага чалавека, які працягвае змагацца за свае правы, які прайшоў праз турмы, штрафы, зьбіцьцё. Таксама вялікае значэньне адыграла міжнародная сытуацыя. Улада пад ціскам звонку, жадаючы паляпшэньня адносінаў з Эўропай, зрабіла некалькі крокаў у бок зьмягчэньня сытуацыі. Аднак, як толькі прыйшлі грошы з Расеі, адразу мы атрымалі больш жорсткія крокі: тут і зьбіцьцё Зьміцера Хведарука й прысуд Артуру Фінькевічу.
Гэтую тэндэнцыю пацьвярджюць іншыя праваабаронцы. Паводле Алеся Бяляцкага, улады працягваюць рэпрэсіі й абмежаваньні ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Апрача гэтага, за апошні год ускладнілася сытцацыя з сацыяльнымі правамі. Таксама праваабаронцы пастаўлены ў вельмі цяжкія ўмовы працы. Няма зарэгістраваных арганізацыяў, заканадаўства робіцца ўсё больш рэпрэсіўным.
Алесь Бяляцкі: Напрацягу апошняга году сытуацыя, на жаль, не дае вялікага аптымізму. На Беларусі працягваюцца масавыя парушэньні правоў чалавека ў розных галінах, зьвязаныя з грамадзка-палітычнай сфэрай. Ускладнілася таксама сытуацыя з сацыяльнымі правамі. Гэтыя парушэньні выражаюцца ў тым, што напрацягу году было ўзбуджана 11 крымінальных справаў супраць палітычных апанэнтаў, супраць моладзі. 16 асобаў прыцягнута да крымінальнай адказнасьці. У бягучым годзе гэта тэндэнцыя працягваецца. Паводле нашых падлікаў, было больш за 600 выпадкаў прыцягненьня людзей да адміністрацыйнай адказнасьці. Трэба казаць пра вельмі нэгатыўную пазыцыю КДБ, які скіраваў сваю актыўнасьць супраць моладзевых актывістаў, прэсінгу падвяргаліся сотні чалавек. Склалася сытуацыя, калі ўлады імкнуцца падаўляцьлюбую грамадзкую актыўнасьць і цалкам кантраляваць грамадзтва.
Як вы ацэньваеце ўмовы Вашай працы?
Алесь Бяляцкі: Умовы нашай працы пагаршаліся ўжо некалькі гадоў, калі былі пазбаўлены рэгістрацыі большасьць праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку й цэнтар “Вясна”. Былі ўнесены зьмены ў крымінальнае заканадаўства, якія дазваляюць прыцягваць грамадзянаў да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях. Таму мы зараз выступаем як індывідуальныя асобы. Гэта зьменьшыла магчымасьці ўплыву на афіцыйныя ўлады, тым ня менш, мы імкнемся рабіць усё, каб мінімізаваць праблемы, якія маюць актыўныя грамадзяне ў Беларусі з уладамі, і дапамагчы ім.
Дзякуючы маніторынгам сытуацыі ў сфэры выкананьня правоў чалавека, беларуская й міжнародная грамадзкасьць ведае пра сапраўдны стан рэчаў, і тыя парушэньні, якія маюць месца. У пэўным сэнсе, гэта мае стрымліваючае ўзьдзеяньне на прадстаўнікоў ўлады, якія не заўсёды хочуць прытрымлівацца нормаў закону, асабліва ў дачыненьні да асобаў з адрознымі палітычнымі поглядамі.
Юры Ліхтаровіч