Блакуюцца незалежныя інтэрнэт-выданні
Прыкладна а 10 гадзіне раніцы адначасова перасталі адчыняцца інтэрнэт-старонкі беларускай службы радыё “Свабода” і Хартыі’97. З цяжкасцямі адчыняецца і сайт інтэрнэт-выдання “Беларускі партызан”.
Як удалося высветліць Рацыі, блакада гэтых інтэрнэт-рэсурсаў адбываецца на ўзроўні знешняга правайдэра нашай краіны, якім з’яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства “Белтэлекам”. Запыты, якія накіроўваюць беларускія карыстальнікі, проста не даходзяць да сервераў сайтаў, якія ў большасці недзяржаўных беларускіх інтэрнэт-выданняў знаходзяцца за мяжою.
Іх супрацоўнікі лічаць, што такая сітуацыя назіраецца ў сувязі з маючым адбыцца сёння ў Мінску мітынгам індывідуальных прадпрымальнікаў.
- Сайт перастаў адчыняцца прыкладна у 9.40. Відавочна, што сайт хтосьці адмыслова блакуе, бо мы нічога з гэтым зрабіць не можам. Я лічу, што гэта, безумоўна, звязана з маючай адбыцца сёння акцыяй індывідуальных прадпрымальнікаў, бо атака на наш сайт пачалася акурат пасля з'яўлення на ім інфармацыі пра маніфестацыю, - распавяла Рацыі рэдактарка Хартыі’97 Наталля Радзіна.