З 1 студзеня ў Гомелі спынілі працу 90% маршрутных таксі.
Мясцовыя службоўцы звязваюць гэта з неабходнасцю пераафармлення ўладальнікаў таксі – індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы.
Аднак уладальнік аднаго з маршрутных таксі, які не пажадаў назвацца, паведаміў БелаПАН, што з новага года сеў за руль сам, бо працаваць няма каму. "Станавіцца юрыдычнай асобай невыгодна – давядзецца працаваць за капейкі і мець кучу праблем. Пакуль важу людзей сам, але ўжо падшукваю сабе іншы занятак", – сказаў ён.
Нагадаем, паводле ўказу №760, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2008 года, індывідуальным прадпрымальнікам забароненае прымаць на працу асоб, якія не з'яўляюцца іх блізкімі сваякамі.
У гэтай сувязі з новага года як мінімум 70% індывідуальных прадпрымальнікаў прыпынілі працу па ўсёй Беларусі. А 10 студзеня прадпрымальнікі маюць намер зноў выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менска з патрабаваннем адмены дыскрымінацыйнага ўказу.