viasna on patreon

Выступленьне прадстаўніка Валянціна Стэфановіча ў Вярхоўным судзе Беларусі 25 кастрычніка пад час разгляду скаргі праваабаронцаў на рашэньне Мінюсту аб адмове ў рэгістрацыі ГПА "Вясна"

2007 2007-10-27T00:13:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 Адной з падставаў для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” з’явіўся той момант, што паводле ч. 3 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” статут аб’яднаньня павінен утрымліваць, у тым ліку, мэты, задачы, прадмет і метады дзейнасьці. На думку Міністэрства юстыцыі у п. 2.1 Статута Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” указана толькі асноўная мэта дзейнасьці аб’яднаньня, што прадугледжвае магчымасць дадзенага аб’яднаньня мець іншыя, не ўказаныя ў статуце мэты аб’яднаньня, асабліва ў сьвеце здяйсненьня адміністратыўных правапарушэньняў, якія здзяйсняюцца ягонымі заснавальнікамі.

 

Сапраўды, паводле п. 2.1. Статута Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”, які быў прадстаўлены для рэгістрацыі, указана, што асноўнай мэтай створанага аб’яднаньня

 з’яўляецца забеспячэньне выкананьня правоў і свабодаў чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Дадзеная мэта, у сукапнасьці з прадметам дзейнасьці, задачамі і метадамі дзейнасьці даюць дакладнае ўяўленьне аб той дзейнасьці, якую плануе праводзіць аб’яднаньне. Адмова ў рэгістрацыі, якая грунтуецца на выключна  надуманых высновах “аб магчымасьці мець іншыя, не ўказаныя ў статуце мэты” не з’яўляецца заснаванай на законе. Наяўнасьць у Статуце дзесяці мэтаў не азначае, што аб’яднаньне ў будучым не будзе ажыццяўляць дзейнасьць не пазначаную ў Статуце. Кантроль за дзейнасьцю грамадскіх аб’яднаньняў, у тым ліку кантроль за выкананнем іх статуту, ажыцяўляюць рэгіструючыя органы (арт. 24 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаньнях”) – у тым ліку Міністэрства юстыцыі. Калі аб’яднаньне ажыцяўляе віды дзейнасьці не ўказаныя ў статуце, рэгіструючы орган мае права прыняць прадугледжаныя законам меры ўздзеяньня – вынесці папярэджаньне, прыняць меры па ліквідацыі аб’яднаньня. У дадзеным выпадку Міністэрства юстыцыі адмаўляе ў рэгістрацыі аб’яднанню за тое, што яно яшчэ не здейсьніла, кіруючыся пры гэтым выключна асабістымі домысламі.

Акрамя таго ў арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” не ўтрымліваецца такой падставы ў адмове ў рэгістрацыі, як наяўнасьць толькі адной мэты ў статуце аб’яднаньня.

Акрамя таго у арт. 5  Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў арт. 7 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” утрымліваецца вычарпальны пералік абмежаваньняў на стварэньне аб’яднаньняў у Беларусі: арганізацыі, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненьне існуючага канстытуцыйнага ладу, якія вядуць прапаганду вайны, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці.

Нельга пагадзіцца і з сьцвярджэньнямі  Міністэрства юстыцыі аб тым, што асноўная мэта аб’яднаньня, указаная у п. 2.1. Статута супярэчыць палажэньням ч. 1 арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаньнях”, паводле якой грамадскія аб’яднаньні маюць права абараняць правы і законныя інтарэсы, а таксама прадстаўляць законныя інтарэсы сваіх членаў.

У сувязі з гэтым адзначаем наступнае. Найперш хацелася б звярнуць увагу суда на тое, што ў адмове ў рэгістрацыі Мінюст не дакладна працытаваў мэту аб’яднаньня, указаную ў п. 2.1 Статута. Паводле дадзенага пункту асноўнай мэтай аб’яднаньня з’яўляецца  забеспячэньне выкананьня правоў і свабодаў чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сваёй адмове Мінюст сказіў мэту аб’яднаньня, сфармуляваўшы яе як забеспячэньне правоў і свабод чалавека, якія вынікаюць з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” На нашую думку гэта каардынальна зьмяне сэнс асноўнай мэты, якая ўказаная п. 2.1 Статута - асноўная мэта арганізацыі “забеспячэньне выкананьня правоў чалавека”, а не “забеспячэнне правоў чалавека”. Забеспячэньне правоў чалавека, якое вынікае з Дэкларацыі правоў чалавека і з Канстытуцыі -  гэта асноўная роля і фукцыя дзяржавы. Мы, як праваабаронцы, можам толькі прымаць меры скіраваныя на рэалізацыю выкананьня гэтых правоў з боку дзяржавы. Гэтыя меры цалкам апісаныя ў прадмеце дзейнасьці, метадах і задачах аб’яднання: гэта вывучэньне стану грамадзянскай супольнасьці. правядзеньне канферэнцый, круглых сталоў, маніторынгу стану правоў чалавека ў Беларусі і г.д.

 Абарона правоў і законных інтарэсаў, а таксама прадстаўленьне ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях з’яўляецца толькі адной з задач аб’яднаньня.

Хаця тут трэба адзначыць, што закон, у  прыватнасьці арт. 78 ГПК Рэспублікі Беларусь, дае магчымасьць прадстаўнікам грамадскасці (грамадскіх аб’яднаньняў), выказваць свае меркаваньні па канкрэтных грамадзянскіх справах, пры гэтым яны валодаюць працэсуальнымі правамі, указанымі ў арт. 56 ГПК Беларусі (акрамя адводаў суду, абскарджаньня пастановаў).

Паводле Мінюста, ўказаная у статуце мэта супярэчыць Закону. Гэта азначае, што ў Беларусі наогул не магчымая рэгістрацыя праваабарончых арганізацый, мэта якіх забеспячэньне выкананьня дзяржавай абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, абарона правоў чалавека. Гэтая акалічнасць яшчэ раз падцвярджае неразуменьне Мінюстам сутнасьці праваабарончай дзейнасці наогул. Між тым права ажыццяўляць абарону правоў чалавека ў краіне гарантавана нам не толькі Канстытуцыяй краіны, але і Міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй “Аб праве і абавязку асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды”, якая была прынятая Гэнеральнай Асамблеяй ААН  09.12.1998 г.

Немагчыма пагадзіцца і з тым, што пры рэгістрацыі аб’яднаньня не быў прадстаўлены дакумент, які падцвярджае аплату дзяржаўнай пошліны за дзяржаўную рэгістрацыю.

Намі былі пералічаныя грашовыя сродкі, у вызначаным законам памеры (3 б.в.). Атрымальнікам дадзенага плацяжу з’яўляецца той орган, які ажыццяўляў рэгістрацыю аб’яднаньня. У сувязі з гэтым, нам не зразумела, на якіх падставах Міністэрства юстыцыі сьцвярджае, што дадзеная квітанцыя не можа быць разгледжаная ў якасьці дакумента банка, які падцвярджае аплату дзяржаўнай пошліны. Асабліва ўлічваючы той факт, што прадстаўленьне дакумента, падцвярджаючага рэгістрацыйны збор было прадугледжана арт. 13 Закона “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” да 08.05.2007 г. Гэта азначае, што на працягу ўсяго часу з моманту прыняцця Закона “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” (яго новай рэдакцыі) у 2005 годзе Мінюст прымаў квітанцыі аб аплаце рэгістрацыйнага збору, а не дзяржаўнай пошліны. Таму сцвяржэньні міністэрства аб тым, што яны не могуць прызнаць гэта за плацёж, які падцвярджае аплату пошліны за рэгістрацыю, мы лічым цалкам надуманным.

 

Мне  хацелася б закрануць яшчэ адзін асьпект адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня. Міністэрства юстыцыі па сутнасьці забараніла стварэньне аб’яднаньня пэўным асобам, што мы расцэньваем як паражэньне ў правах, якое парушае прынцыпы свабоды аб’яднаньня, гарантаванага нам Канстытуцыяй краіны, а так сама палажэньнямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вельмі дакладна дае вычарпальны пералік абмежаванняў права на свабоду асацыяцыяў. У Беларусі забараняецца стварэньне і дзейнасьць аб’яднаньняў, якія ставяць за мэту гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу, вядуць прапаганду вайны, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці.

Гэта азначае, што абмежаваньні права распаўсюджваюцца толькі на свабоду асацыяцыяў,  прадугледжаныя Канстытуцыяй у мэтах абароны нацыянальнай бяспекі краіны, грамадскага парадку, правоў і інтарэсаў грамадзянаў. Гэты пералік з’яўляецца вычарпальным і пашыранаму тлумачэньню не падлягае.

У дадзеным выпадку Міністэрства юстыцыі забараніла стварэньне намі аб’яднаньня па зусім іншых падставах, абмежаваўшы такім чынам нашыя законныя правы. У той жа час паводле арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, якія прадугледжаныя законам, і ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

У выніку судовых слуханьняў Міністэрствам юстыцыі не былі прадстаўленыя выразныя доказы і абгрунтаваньне забароны стварэньня грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. У сувязі з гэтым мы лічым, што Міністэрства юстыцыі незаконна абмежавала нашае канстытуцыйнае права, дапусціла парушэньне права на асацыяцыю заснавальнікаў аб’яднаньня. Гэтым Мінюст парушыў не толькі права, гарантаванае нам Канстытуцыяй краіны, але арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, якая ўзяла на сабе абавязацельствы па ягонаму выкананьню. Паводле арт. 22 Пакта кожны чалавек мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў.

Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што прадугледжаныя заканадаўствам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бясьпекі, аховы здароўя і маралі насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых грамадзян. Толькі пералічаныя абмежаваньні з’яўляюцца дапушчальнымі і неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве.

Але калі зыходзіць з падстаў для адмовы ў рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі. то вынікае, што сузаснавальнікам было адмоўлена ў рэгістрацыі па іншых падставах, а значыць у парушэньне законнага права на свабоду асацыяцыяў.

 

Зыходзячы з гэтага, я лічу, што Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь павінен прыняць рашэньне, якое б аднавіла парушаныя  правы грамадзянаў краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства