viasna on patreon

27-га кастрычніка каля 12.30 ў Гродне міліцыя затрымала кіраўніка гарадзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ), журналіста зачыненай газеты "Пагоня" Паўла Мажэйку.

2004 2004-10-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла БАЖ гарадзенская журналістка Ірына Чарняўка, якой Павел паспеў патэлефанаваць пасля затрымання. Паводле папярэдняй інфармацыі, сёння ж у 14.00 ў Ленінскім раённым судзе адбудзецца разгляд яго адміністратыўнай справы.
Як паспеў паведаміць па тэлефоне П. Мажэйка, затрыманне праводзіў капітан міліцыі старшы інспектар Пётр Ленец. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіст знаходзіцца ў аддзеле прафілактыкі і аховы правапарадку Ленінскага РАУС Гродна. Між тым, дзяжурны Ленінскага РАУС заявіў прэс-службе БАЖ, што ні пра якое затрыманне не ведае; тэлефон ў аддзеле аховы правапарадку ўвогуле не адказвае.

(Аддзел аховы правапарадку Ленінскага РАУС Гродна - 8-0152-79-74-50; начальнік Ленінскага РАУС Сычэўскі Уладзімір Васільевіч - 8-0152-79-70-40; дзяжурны РАУС - 8-0152-72-02-02).

Затрыманне П. Мажэйкі, хутчэй за ўсё, звязана з пікетам, які гарадзенскія журналісты правялі 4-га кастрычніка. 22-га кастрычніка інспектар П. Ленец па тэлефоне запрашаў П. Мажэйку ў аддзел міліцыі для "тлумачальнай размовы" з нагоды правядзення акцыі, аднак журналіст заявіў, што будзе рэагаваць толькі на афіцыйную паперу. 4-га кастрычніка 5 гарадзенскіх журналістаў зладзілі пікет на самай люднай вуліцы Гродна Савецкай, пратэстуючы супраць узмацнення ціску на незалежную прэсу. Нагодай для правядзення акцыі стаў абвінаваўшы прысуд рэдактарцы "Биржи информации" Алене Раўбецкай, якой інкрымінавалі распаўсюд абразлівай для прэзідэнта інфармацыі. Журналісты трымалі ў руках аркушы паперы са словамі "У Гродне судзяць журналістаў!!!"

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства