Сёньня - Дзень абвяшчэньня беларускіх нацыянальных сымбаляў
16 гадоў таму, 19 верасьня, бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" былі афіцыйна абвяшчаны дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі. Затым прэзідэнгт Лукашэнка правёў свой рэфэрэндум 1995 году, і нацыянальная сымболіка апынулася пад забаронай. Сёньня сітуацыя настолькі абсурдная, што за яе выкарыстаньне прадугледжана нават адміністрацыйная адказнасьць.
Між тым, першыя згадкі бел-чырвона-белага сьцягу адносяцца да позьняга Сярэднявечча, а першым дакумэнтальным сьведчаньнем лічыцца карціна XVI стагодзьдзя прысьвечаная Бітве пад Воршай. Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сьцягам Сьвятога Юры (чырвоны крыж на белым палатне), які, хутчэй за ўсё, стаўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцягу. У ХХ стагоддзі бел-чырвона-белы сьцяг нарэшце становіцца нацыянальным. Цікава ведаць, што значыкі ў форме бел-чырвона-белага сьцяга можна было набыць у Менску яшчэ ў напачатку дваццатага стагоддзя, а ў 1918 годзе бел-чырвона-белы сьцяг на нейкі час робіцца сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
“Пагоня на Беларусі пачала выкарыстоўвацца ў якасьці гербу пячатках вялікага князя Ягайлы ў 1386 і 1387 гг., а таксама на пячатцы Вітаўта ў 1401 г. Напачатку 15 стагодзьдзя "Пагоня" сталася дзяржаўным сымбалям Вялікага Княства Літоўскага. "Пагоня" была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і элемэнтам гербу Рэчы Паспалітае да 1795 г., калі тэрыторыя Беларусі была акупаваная Расейскаю імпэрыяй. Ёю карысталіся паўстанцы Т. Касьцюшкі і К. Каліноўскага.
Перад распадам Савецкага Зьвязу "Пагоня" разам зь бел-чывона белым сьцягам сталіся сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Беларусі. "Пагоня" была прынятая як сымбаль Беларускага Народнага Фронту.