Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага трымаюць у аўтамабілі каля будынку Аршанскага суда
Суды над затрыманымі ў Воршы мастаком Алесем Пушкіным і актывістам Аляксеем Янушэўскім дагэтуль не пачаліся. Як паведамляе мясцовы праабаронца Васіль Леўчанкоў, затрыманых прывезьлі да будынку суда яшчэ ў 15 гадзін. Але па невядомай прычыне суд адкладваецца. Верагодна праваахоўнікі і суддзя чакаюць, калі раз’едзецца моладзь, якая дзяжурыць каля будынку суда. Але існуе верагоднасьць, што ў міліцыі раяцца наконт узбуджэньня крымінальнай справы супраць Алеся Пушкіна, якога падазраюць у апаганьваньні дхзяржаўнай сымволікі.
Нагадаем, што сёньня член ініцыятыўнай групы па стварэньні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі пакараны аршанскім судом пазбаўленьнем волі на 5 сутак. Ён быў затрыманы 8 верасня падчас святкавання Дня беларускай вайсковай славы на Крапівенскім полі каля Воршы і абвінавачаны ў хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.