viasna on patreon

У Воршы судзяць затрыманых Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага

2007 2007-09-10T12:22:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага затрымалі ўчора па завяршэньні бардаўскага фэсту "Аршанская бітва -2007", і мінулую ноч вядомы мастак і менскі моладзевы актывіст правялі ў аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Алесь Пушкін паведаміў, што яго разам з бардам Андрэем Мельнікавым міліцыянты затрымалі каля вёскі Гацькаўшчына, калі яны ўжо вярталіся з фэсту. Аляксея Янушэўскага затрымалі разам з групай моладзі недалёка ад вёскі Сяглава.Там уночы з 8 на 9 верасьня адбываўся імправізаваны канцэрт, бо міліцыя не дазволіла правесьці бардаўскі фэст на Крапівенскім полі з прычыны таго, што на звычайным месцы правядзеньня імпрэзы разьмінуюць снарады, нібыта знойдзеныя напярэдадні.

Падчас разьбіральніцтва ў пастарунку міліцыянты паведамілі затрыманым, што супраць Алены Макарэвіч, Аляксея Янушэўскага і Алеся Пушкіна распачнуць крымінальную справу за абразу дзяржаўных сымбаляў. Іх вінавацяць у тым, што яны выкінулі ў вакно дзяржаўны сьцяг, які вісеў у райаддзеле міліцыі.

Няпоўнагадовую Алену Макарэвіч неўзабаве адпусьцілі з аршанскай міліцыі. Спадароў Янушэўскага і Пушкіна ўжо больш як суткі трымаюць пад вартай. Падтрымаць іх у судзе прыйшлі мясцовыя праваабаронцы Васіль Леўчанкаў і Алег Граблеўскі ды моладзевыя актывісты.

Раней сёньня актывіста Дзяніса Садоўскага асудзілі на 5 сутак арышту. Судзьдзя аршанскага суду Тацяна Рыбакова прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве паводле артыкулу 17.1 адміністрацыйнага заканадаўства.

Сьведкі-міліцыянты паказалі, што Дзяніс Садоўскі, адзін з лідэраў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, нецэнзурна лаяўся, за што і быў затрыманы 8 верасьня. Гэтае абвінавачаньне ўпершыню прагучала менавіта ў судзе, бо адразу па затрыманьні міліцыянты казалі, што яго вінавацяць у непадпарадкаваньні прадстаўнікам аховы правапарадку: адзін з міліцыянтаў заявіў, што Садоўскі падчас затрыманьня падрапаў яму руку.

Дзяніс Садоўскі правёў дзьве ночы ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства