Сацыяльны марш пройдзе 4 лістапада
Арганізатары Сацыяльнага маршу маюць намер правесці акцыю 4 лістапада [ня блытаць з Эўрапейскім, які мае прайсьці 14 кастрычніка]. Пра гэта 4 верасня на прэс?канферэнцыі заявіў старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы маршу Валерый Ухналёў.
Паводле яго слоў, Сацыяльны марш — «не аднаразовая акцыя, а шэраг мерапрыемстваў, разлічаных на працяглы час». «Гэта толькі пачатак кампаніі, скіраванай на змяненне сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы, у якую ўжо ўключыліся не толькі палітычныя партыі, але і шмат дзейных грамадскіх арганізацый», — зазначыў В.Ухналёў.
Як паведаміў палітык, восенню 2007 года ў межах кампаніі па правядзенні Сацыяльнага маршу запланаваны тры найбольш значныя акцыі. Так, 30 верасня аб’яднаныя дэмакратычныя сілы маюць намер правесці больш за 300 пікетаў ва ўсіх раёнах Беларусі, падчас якіх яго арганізатары растлумачаць насельніцтву сваю пазіцыю адносна пазбаўлення некаторых грамадзян сацыяльных гарантый і льгот. 2 кастрычніка, у дзень адкрыцця асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў, арганізатары збору подпісаў супраць адмены льгот маюць намер уручыць сабраныя подпісы выбаршчыкаў дэпутатам. 4 лістапада арганізатары плануюць правесці ў Мінску ўласна Сацыяльны марш.
Як паведаміў В.Ухналёў, плануецца, што ў гэты дзень шэсце пройдзе ад Кастрычніцкай плошчы да будынка Нацыянальнай бібліятэкі. «Неўзабаве мы падпішам адпаведную заяўку на правядзенне гэтага мерапрыемства і перададзім яе ў Мінгарвыканкам — за два месяцы да правядзення акцыі. Сам тэкст заяўкі ўжо гатовы, нам засталося толькі сабраць пад ёй подпісы», — заявіў В.Ухналёў.