Ці зарэгіструюць “Вясну”?
Сёньня Міністэрства юстыцыі Беларусі павінна было вызначыцца, ці зарэгіструе яно грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Вясна”. Месяц таму група праваабаронцаў падала адмысловыя дакумэнты на рэгістрацыю. Аднак у Мінюсьце пакуль не паведамілі аб прынятым рашэньні.
Чыноўнікі Міністэрства юстыцыі не паведамілі, ці зарэгістравалі яны праваабарончае аб’яднаньне “Вясна”. Начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Алег Сьліжэўскі сказаў:
“Я вам ня буду даваць ніякіх камэнтароў і адказаў, пакуль у мяне ня будзе даручэньня кіраўніцтва”.
Два дні таму заяўнікі сустрэліся зь першым намесьнікам міністра юстыцыі Аляксандрам Петрашам. Яны перадалі рашэньне Камітэту ААН у пытаньнях правоў чалавека, які прызнаў незаконнай ліквідацыю праваабарончага цэнтру “Вясна” ў 2003 годзе.
Спадар Петраш патлумачыў: маўляў, яшчэ ёсьць час – і чыноўнікі накіруюць рашэньне заяўнікам. Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч гаворыць:
“Як заўсёды ў нашай краіне, усё адбываецца абсалютна непразрыста. Абсалютна непразрыста праводзілася праверка пададзеных намі дакумэнтаў. З боку ўпраўленьняў юстыцый розных вобласьцяў чыніўся
ціск на заснавальнікаў нашага грамадзкага аб’яднаньня.
Роўна месяц, як мы падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Адказу ж так і не атрымалі. Рэгістравальны орган, Мінюст, і ягоныя чыноўнікі адмаўляюцца даваць хоць якую інфармацыю”.
У Міністэрстве юстыцыі спадару Лабковічу адказалі: чыноўніка, які вядзе справу, няма сёньня на працы, а ніхто іншы адказу на пытаньне аб рэгістрацыі даць ня можа.
“У нашай краіне зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне значна цяжэй, чым нават камэрцыйнае. Я прагназую, што рашэньне будзе адмоўнае. Гэта рашэньне палітычнае. Яно прымаецца не Мінюстам, а прымаецца на ўзроўні Адміністрацыі прэзыдэнта.
Калі заўтра нам адказу ня будзе, то дзеяньні супрацоўнікаў Мінюсту мы будзем абскарджваць”.