АБСЭ зноў прыме рэзалюцыю па Беларусі
Сёньня ў Кіеве пачала працаваць летняя сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У яе праграме — два мерапрыемствы, якія маюць непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Прынамсі, 6 і 7 ліпеня тры парлямэнцкія камітэты разгледзяць праект спэцыяльнай рэзалюцыі “Сытуацыя ў Беларусі”. А на 7 ліпеня заплянаваны і круглы стол па Беларусі. Яго правядзе кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф.
На беларускія мерапрыемствы атрымалі запрашэньне і тры суб’екты зь Беларусі: афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, чатыры сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.
Усе яны маюць свае заўвагі й папраўкі да праекту беларускай рэзалюцыі. Іх цяпер зьбірае і вывучае першы парлямэнцкі камітэт — у палітычных пытаньнях і бясьпецы.
Дакладчыкам паводле гэтага дакумэнту зьяўляецца сябра рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ парлямэнтар з Даніі Крыстыян Піль Лёрэнтсэн.
Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька так ацэньвае праект беларускай рэзалюцыі:
“Агульны мэсы дакумэнту ў тым, што вітаюцца вядомыя прапановы Эўрапейскага Зьвязу для Беларусі. І выказваецца занепакоенасьць, што няма дэмакратычных выбараў у Беларусі.
Таксама нэгатыўна ацэньваюцца апошнія выбарчыя кампаніі. І ідзе заклік, каб усё-такі зьмяніць сытуацыю ў Беларусі — і ў кантэксьце выбараў, і вызваленьня палітвязьняў, і стварэньня ўмоваў для нармалёвай дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў.
Гэта такая ўзважаная рэзалюцыя. Яна вытрымліваецца ў агульнай стратэгіі адносна Беларусі, якую мы сёньня бачым з боку міжнародных структураў”.
Сёньня ўвечары сустаршыні Палітрады выяжджаюць у Кіеў.
А дарадца спадара Мілінкевіча ў палітычных пытаньнях Андрэй Кусяльчук паведамляе, што Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца ў Страсбуры:
“Там Рада Эўропы ладзіць Летні ўнівэрсытэт для палітолягаў і аналітыкаў, здаецца, зь пятнаццаці краінаў Эўропы. Традыцыйна туды запрашаюць ляўрэатаў Міжнароднай прэміі імя Андрэя Сахарава. І ёсьць такі звычай, што яны там штогоду выступаюць. І Мілінкевіч вымушаны быў туды паехаць, бо было б непрыгожа, калі б упершыню ляўрэат прэміі Сахарава там ня выступіў.
Наконт Кіева пакуль яшчэ ня вырашанае пытаньне. Мы паведамілі ў АБСЭ, што Мілінкевіч проста фізычна ня здольны паехаць адначасова туды і туды. І папрасілі, каб даслалі запрашэньне на Віктара Карняенку. І ён паедзе, калі пасьпеюць своечасова даслаць неабходныя дакумэнты”.
Накіравалася ў Кіеў і сталая дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яе ачольвае віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалоцец. У дэлегацыю таксама ўваходзяць Натальля Андрэйчык з Савету Рэспублікі і Міхаіл Орда з Палаты прадстаўнікоў.