viasna on patreon

Журналістам недзяржаўных СМІ не дазволілі прысутнічаць на ўстаноўчым сходзе аб'яднання "Белая Русь"

2007 2007-06-27T16:37:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

22 чэрвеня журналістаў некалькіх недзяржаўных СМІ не ўпусцілі на ўстаноўчы сход Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якое праходзіла ў сталічным Тэатры музычнай камедыі.

Карэспандэнта «БелГазеты» Кірыла Жываловіча, фотакарэспандэнта гэтага ж выдання Дзмітрыя Брушко і супрацоўніка газеты «Ежедневник» Андрэя Александровіча спынілі на ўваходзе ў будынак людзі ў цывільным, якія назваліся «прадстаўнікамі грамадскасці». Яны адмовіліся назваць сябе і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі, якія паведамілі, што атрымалі загад не ўпускаць на мерапрыемства старонніх. «Ідзіце адсюль, альбо праз 5 хвілін прыедзе машына і адвязе вас у Маскоўскае РУУС», - заявіў журналістам сержант міліцыі.

Падрабязнасці інцыдэнту выкладзеныя ў матэрыяле А.Александровіча «Любовь к Родине строго по пригласительным», у рубрыцы «СМІ пра СМІ».

Напярэдадні сходу арганізатары звярнуліся да жыхароў горада з заклікам «аб’яднаць высілкі для падтрымкі курсу, які праводзіць дзяржава». На сходзе рашэнне аб стварэнні аб’яданння «Белая Русь» было прынята адзінагалосна 296 прадстаўнікамі «ўсіх слаёў насельніцтва беларускай сталіцы». Старшынём рады і прэзідыюму арганізацыі стаў рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства