29 кастрычніка Беларусь пакінула апошняя супрацоўніца Кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЭ Аліна Жасан. Улады Беларусі адмовіліся працягнуць ёй дыпляматычную акрэдытацыю, патрабуючы перагляду мандату місіі АБСЭ.
Аліна Жасан, грамадзянка Малдовы, паведаміла, што ўлады Беларусі адмовіліся працягнуць ёй дыпляматычную акрэдытацыю і таму яна пакідае краіну. Разам з тым яна паведаміла, што АБСЭ "не мае намеру закрываць менскую місію АБСЭ да прыняцьця рашэньня ў Вене". У менскай місіі застаюцца працаваць сем грамадзянаў Беларусі. Кожныя два-тры тыдні ў КНГ АБСЭ будуць прыязжаць супрацоўнікі сакратарыяту АБСЭ зь Вены.
"Мы працавалі ў межах мандату і ёсьць усе падставы пазітыўна ацэньваць вынікі працы місіі",-- сказала журналістам Аліна Жасан.
"Гэта ня вельмі добры дзень для тых, хто добра ставіцца да Беларусі", - паведаміў першы сакратар амбасады Нямеччыны Гольгер Крамер. Нямеччына цяпер прадстаўляе ў Беларусі эўраструктуры.
У мінулы панядзелак прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка заявіў, што місіія АБСЭ павінна пакінуць Беларусь, бо кіраўніцтва АБСЭ не ідзе на зьмену мандату.
У сьнежні 2001 году Беларусь пакінуў кіраўнік місіі Ганс-Георг Вік, якога Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы і фінансаваньні апазыцыі. Пазьней улады Беларусі адмовіліся працягнуць візы яшчэ тром супрацоўнікам місіі (паводле Радыё Рацыя)