viasna on patreon

Штрыхі да выбарчай кампаніі: ператрусы, затрыманьні...

2004 2004-09-29T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У перадвыбарчым штабе кандыдата ў дэпутаты ад АГП па Аршанскай акрузе Генадзя Ананьева міліцыя 28 верасьня ўвечары правяла ператрус без прад’яўленьня адпаведнага ордэру. Інцыдэнт адбыўся ў адсутнасьці гаспадара, калі ў кватэры было толькі некалькі супарцоўніц штабу. Міліцыя ўзяла сабе ўсе ўзоры друкаванай прадукцыі, якія былі ў штабе. Генадзь Ананьеў лічыць гэткія дзеяньні міліцыі парушэньнем закону і цяпер вырашае, якім чынам яму абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

***

Затрыманьне сябра Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Шыкелі, які вылучаецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Берасьцейскай-Заходняй выбарчай акрузе №1, адбылося ў часе ягонай сустрэчы з выбарцамі, што жывуць у інтэрнаце будаўнічага трэсту №8 у Берасьці. У часе размовы з выбарцамі падышоў малады чалавек на падпітку, які загадаў спыніць агітацыю і запатрабаваў ад Мікалая Шыкелі пасьведчаньне аб рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Агледзеўшы гэты дакумэнт, малады чалавек заявіў, што ён супрацоўнік міліцыі й мусіць затрымаць спадара Шыкелю. Яго абвінавацілі ў тым, што пасьведчаньне нібыта падробленае, бо там няма фатадзымку кандыдата. Мікалай Шыкеля, які доўгі час працаваў ў праваахоўных органах, абураны такімі паводзінамі й недасьведчанасьцю міліцыянта, які затрымаў яго амаль на паўтары гадзіны і быў вызвалены толькі пасьля прыезду іншых міліцыянтаў. Ён не выключае, што адмысловы інструктаж для супрацоўнікаў сілавых структураў ставіць за мэту сарваць агітацыйную кампанію апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

***

28 верасьня ўвечары ў Шклове міліцыянты зрабілі ператрус на кватэры Аляксандра Шчарбака, кіраўніка групы падтрымкі кандыдата ад Партыі БНФ у Шклоўскай выбарчай акрузе Рыгора Костусева. Ператрус кватэры шклоўца Аляксандра Шчарбака санкцыянаваў раённы пракурор. Сам актывіст зьвязвае такія захады з распаўсюдам на Шклоўшчыне улётак, скіраваных супраць рэфэрэндуму. Ператрус у кватэры Аляксандра Шчарбака доўжыўся паўгадзіны, чатыры міліцыянты шукалі друкаваныя матэрыялы, але нічога не знайшлі.
Ператрус у кватэры шклоўца стаў такім трэцім выпадкам з пачатку агітацыйнай кампаніі. Раней міліцыянты праверылі кватэры давераных асобаў кандыдата ад Партыі БНФ у Бялынічах і ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёну.

Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства