23 верасьня ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскага рэферэндума працягваўся разгляд скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі ў дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
23 верасьня разглядалі скаргі з Гомельскай і Брэсцкай вобласьці.
Па Гомельскай вобласьці сярод зарэгістраваных скаргі: Хоміч Віктар (ПКБ, прычына нерэгістрацыі – не ўказаў у дэкларацыі суму 5775 руб – кошт бутэлькі гарэлкі, сьпісаны прафсаюзам на юбілей арганізацыі), Карніенка Аляксандр (прычына нерэгістрацыі – распаўсюд улётак Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”, Варонежцаў Юры (АГП, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Сяргеенка Сяргей (ПКБ, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Сілівонец Міхаіл (ПКБ, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Афанасьеў Марат (АГП, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Пуціцкі Валеры (партыя БНФ, прычына нерэгістрацыі – распаўсюд улётак Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”), Невар Леанід (недакладныя зьвесткі ў анкеце – адрас прапіскі не адпавядае адрасу пражываньня).
Сярод незадаволеных скаргаў по Гомельскай вобласьці: Ярмак Сяргей (Партыя Народнай Згоды, прычына нерэгістрацыі – адсутнасць прапіскі), Кімель Марына (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Бялова Галіна (партыя БНФ, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Палякоў Васіль (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Захаранка Юры (прычына нерэгістрацыі – больш за 15% подпісаў прызнаныя недакладнымі), Чыжонак Юры (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Ягоранкаў Мікалай, Краснасельская Людміла (АГП, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя) , Арлоў Леанід (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя, больш за 15% подпісаў прызнаныя недакладнымі), Сувораў Генадзь (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Шкулькоў Дзьмітры (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Сярдзюк Натальля (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Леанід Судаленка (АГП, прычына нерэгістрацыі – неадпаведансьць дадзеных, указанных у анкеце – месца працы па сумяшчальнасьці ўказанае як асноўнае месца працы), Герасіменка В. (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя).
Больш падрабязна пра асобныя незадаволеныя скаргі па Гомельскай вобласьці :
Бялова Галіна (партыя БНФ) на рашэньне акруговай выбарчай камісіі Гомельскай- Цэнтральнай выбарчай акругі №35. Прычына нерэгістрацыі – недакладныя зьвескі пра прыбытак -- не ўказаныя 90000 тысяч беларускіх рублёў, выдадзеных на набыцьцё метадычнай літаратуры, неабходнай для працы настаўніка. У сваім выступе Г. Бялова адзначыла, што гэтая выплата не абкладаецца падаткамі.
Ярмак Сяргей (Партыя Народнай Згоды) на рашэньне акруговай выбарчай камісіі Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акругі №35. Прычына нерэгістрацыі – недакладныя біяграфічныя зьвесткі – скасаваная прапіска.
Карніенка Віктар на рашэньне акруговай выбарчай камісіі Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі №37. Прычына – больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі.
Карніенка Віктар заявіў: «Падчас паседжаньня акруговай камісіі, калі гэтыя подпісы прызнаваліся недакладнымі, аргументы, паводле, якіх яны прызнаныя недакладнымі не агучваліся. Акты не дэманстраваліся і не прад'яўляліся. Гэта пацьвярджае і прысутны на тым жа паседжаньні Юры Захаранка. 17 верасьня пасьля паседжаньня я асабіста прыйшоў да сакратара акруговай камісіі і папрасіў азнаёміць мяне з падставамі, паводле якіх подпісы прызнаныя несапраўднымі. Гэта адбывался ў прысутнасьці доўгатэрміновага назіральніка АБСЕ. Сакратар катэгарычна адмовіла мне. Калі б я меў магчымасьць даведацца, якія выбаршчыкі адмовіліся ад сваіх подпісаў, я бы мог прадаставіць Цэнтральнай выбарчай камісіі аргументы, якія сьведчаць пра прадузятыя адносіны акруговай камісіі да маёй кандадатуры персанальна. Яшчэ ёсьць адно сьведчаньне неаб'ектыўнасьці камісіі. Падчас збору подпісаў сябры маёй ініцыятыўнай группы сабралі 12 тысяч подпісаў, гэта раздражняла сакратара камісіі Тамару Грышчанку Тамару, і яна прасіла перадаць мне, каб я перастаў насіць гэтае «сьмецьце у акруговую камісію».
Прыклад задаволенай скаргі:
Варонежцава Юрыя на рашэньне акруговай выбарчай камісіі Гомельскай- Цэнтральнай выбарчай акругі №35. Прычына нерэгістрацыі – недакладныя зьвесткі, прадастаўленыя ў дэкларацыі пра даходы. За 2003 год даход Ю.Варонежцава склаў 3 тысячы 360 рублёў. І ў той жа час, калі сябры акруговай камісіі праверылі аплаты, праведзеныя ім за сотавую сувязь, то яна склала 180 тысяч рублёў.
Вакол скаргі Ю. Варонежцава ўзьніклі ў ЦВК спрэчкі.
Сябра ЦВК ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада
Уладзімір Нісьцюк заявіў: «Кандыдата ставяць ва ўмовы, калі ён мусіць адказваць за свае расходы. Ён жа сказаў, што яго расходы, яго накапленьні. Калі нехта і мае зараз права праводзіць расьсьледваньне, хай прызначыць, а выбарчая камісія – не структура, якая можа весьці сьледчыя дзеяньні. Таму акружная камісія перавысіла свае паўнамоцтвы. Гэта парушэньне заканадаўства, якое рэгулюецца Крымінальным Кодэксам. А Цэнтральнай выбарчай камсііі я прапаноўваю безумоўна адмяніць рашэньне акружной камісіі, таму што яно супярэчыць Канстытуцыі”.
Алесь Бяляцкі: «Як вы можаце асуджаць маральнае аблічча чалавека, які працаваў у грамадскай арганізацыі, якую ліквідавалі? Мы ж усе ведаем, што 53 арганізацыі ліквідавалі. Сотні людзей засталіся без працы з працоўнымі кніжкамі на руках. Сотні людзей зараз перабіваюцца з капейкі на капейку, але спрабуюць адстойваць свае перакананьні. Гаварыць, што ў іх нізкі маральны ўзровень, бо яны жывуць на гэтыя капейкі, няма ніякіх падставаў».
Лідзія Ярмошына: «Дэкларацыя кандыдата не зьяўляецца таямніцай, бо яна характарызуе будучага народнага абраньніка. Амаль усе суіскальнікі, якія працавалі ў грамадскіх аб'яднаньнях і працуюць там цяпер сьцярджаюць, што працуюць на грамадскіх пачатках. Проста зьдзіўляюся, на што яны жывуць і чаму яны там працуюць. Але гэта ўсё не кампетэнцыя Цэнтральнай выбарчай камісіі. Мне вельмі шкада, што недастаткова працуюць тыя органы, якім па статусе належыць займацца гэтымі пытаньнямі. Спадзяюся, што калі-небудзь яны гэтым займуцца. Таму ў мяне, канечне, няма ніякіх падставаў унесьці іншую прапанову, акрамя задавальненьня скаргі спадара Варонежцава. Варонежцаў зарэгістрваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты».
Па Брэсцкай вобласьці былі задаволены скаргі: Сумар Андрэй (прычына – больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі), Губарэвіч Бюры (партыя БНФ, дэкларацыя), Качалоўскі Якаў (ПКБ, прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя),
Сярод незадаволеных скаргаў: Зайцава Галіна (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя, не адзначаная прэмія), Кісель Анатоль (прычына – больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі), Уласюк Валянцін (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя), Купала Мікалай (прычына – больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі), Замкавец Уладзімір (прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя, не задэклараваныя 66 тысяч бел. Рублёў), Палюковіч Віктар прычына нерэгістрацыі – дэкларацыя, больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі), Баран Аляксей (больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі), Чынько Аляксандр (больш за 15% подпісаў прызнанаыя недакладнымі) Вярэніч Уладзімір (ПКБ, адсутнасьць на тэрыторыі выбарчага ўчастка партыйнай структуры).