Акруговыя камісіі адмаўляюца выконваць рашэньні ЦВК і рэгістраваць кандыдатаў ад Партыі БНФ
Бярозаўская акруговая камісія вырашыла абскардзіць рашэньне Цэнтарвыбаркаму, які зарэгістраваў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзейнага дэпутата Белаазёрскага гарсавету сябра БНФ Юрася Губарэвіча.
Кіраўнік Бярозаўскай акруговай камісіі Марыя Собаль незадаволеная рашэньнем ЦВК і кажа, што зьбіраецца абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе. На гэтай падставе яна адмовілася выдаць пасьведчаньне кандыдата спадару Губарэвічу.
Пазьней яна патлумачыла Радыё Свабода, што гатовая ўсё ж выдаць пасьведчаньне, калі атрымае адпаведныя дакумэнты з ЦВК.
Цэнтральная камісія зарэгістравала спадара Губарэвіча ў чацьвер, палічыўшы адмову акруговай камісіі юрыдычна беспадстаўнай. Ніякіх спрэчак па гэтым пытаньні ў ЦВК ня ўзьнікла, і сама спадарыня Собаль нічога не змагла давесьці ў абарону рашэньня сваёй камісіі. На думку самога Юрася Губарэвіча, мясцовая ўлада намагаецца зрабіць усё, каб не дапусьціць яго да ўдзелу ў выбарах. Ён кажа, што парушэньне закону з боку акруговай камісіі перашкаджае яму весьці агітацыйную кампанію.
Тая ж сітуацыя скалалаася з рэгістрацыяй яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Яраслава Берніковіча, які балатуецца па Глыбоцкай выбарчай акрузе. Я. Берніковіч адскардзіў рашэньне аб нерэгісітрацыі, і 23 верасьня Цэнтральная камісія прыняла рашэньне зарэгістраваць яго ў якасьці кандыдата. Аднак калі Берніковіч зьвярнуўся ў акруговую камісію, каб атрымаць пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты, там яму ў гэтым было адмоўлена. Магчыма, акруговая камісія таксама вырашыла дачакацца афіцыйнага дакументу з ЦВК.