Аляксандар Лукашэнка абвясьціў правядзеньне рэфэрэндуму аб працягу тэрміну свайго прэзідэнцтва
7 верасьня а 9-й вечара ўсе чатыры беларускія тэлеканалы — БТ, “Лад”, ОНТ і СТВ — трансьлявалі зварот кіраўніка дзяржавы. У сваім тэлевізійным звароце Лукашэнка абвясьціў правядзеньне рэфэрэндуму, каб застацца прэзыдэнтам на трэці тэрмін насуперак Канстытуцыі.
Нагадаем, у 82-м артыкуле беларускай Канстытуцыі запісана: "Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў... Адна і тая ж асоба можа быць Прэзыдэнтам ня больш, чым два тэрміны". Як вядома, Аляксандар Лукашэнка ўжо двойчы абіраўся прэзыдэнтам Беларусі – на выбарах 1994 і 2001 гадоў.
Аляксандар Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум на 17 кастрычніка, той самы дзень, калі адбудуцца выбары ў беларускі парлямэнт.
Фармулёўка пытаньня, якое выносіцца на рэфэрэндум, гучыць наступным чынам:
"Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць ў якасьці кандыдата на Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта, і ці прыймаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: "Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і наўпростага выбарчага права таемным галасаваньнем?"