У Слуцку вайскоўцам далі загад галасаваць за кандыдата ад улады
2 верасьня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” паступіла інфармацыя ад вайскоўцаў адной з вайсковых частак, размешчаных у горадзе Слуцку. Згодна з паведамленьнем аднаго з ваенаслужачых, начальнік Слуцкага гарнізона, у які ўваходзіць некалькі вайсковых частак, даў загад падтрымліваць на выбарах кандыдата ад улады. Афіцэрам і іншым ваенаслужачым-кантрактнікам, а таксама жаўнерам тэрміновай службы, загадана ставіць подпісы ў падтрымку кандыдата Сайко і ў абавязковым парадку галасаваць за яго ў дзень выбараў 17 кастрычніка. Сайко – старшыня Слуцкага гарвыканкама, адзін з чыноўнікаў выканаўчай “вертыкалі”. Галасаваць за іншых кандыдатаў забаронена. Гэты загад выдадзены ў вуснай форме, але адрасаваны ўсім падначаленым камандзіра Слуцкага гарнізона.
Такім чынам, кіраўніцтва Слуцкага гарнізона выдае наўмысна незаконныя загады, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў-ваенаслужачых і маюць відавочна злачынны характар. Непадчыненьне незаконнаму і злачыннаму загаду зьвязанае з асаблівай небяспекай для вайскоўцаў, паколькі ім пагражаюць жорсткімі дысцыплінарнымі санкцыямі.
Таксама на тэрыторыі Слуцкай выбарчай акругі №89 ажыцьцяўляецца ціск і на цывільнае насельніцтва, з мэтай прымусіць яго аддаць свой голас за кандыдата Сайко. Напрыклад, дырэктар Слуцкага гарадзкога аўтапарку № 5 аддаў распараджэньне супрацоўнікам прадпрыемства падтрымаць вылучэньне гэтага кандыдата на выбарах і аргнізаваць збор подпісаў у ягоную падтрымку.
Такім чынам, у горадзе Слуцку ажыцьцяўляецца жорсткі і незаконны адміністратыўны ціск на выбаршчыкаў, скіраваны на скажэньне волевыяўленьня грамадзянаў.