viasna on patreon

Партыя БНФ працягвае дабівацца прыцягеньня да адказнасьці за зьнявагу дзелавой рэпутацыі партыі журналіста Юрыя Праковава і Белдзяржтэлекампаніі

2004 2004-09-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Скарга ў парадку нагляду на вызначэнне суда Першамайскага р-на
г.Мінска накіраваная старшыні Мінскага гарадскога суда. У скарзе гаворыцца:
“8 ліпеня 2004 г. суддзя Першамайскага р-на г. Мінска Петух Н.А., разглядзела іскавую заяву Сойма Партыі БНФ да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Пракопава Юрыя аб абароне дзелавой рэпутацыі.
Сваім вызначэннем суд Першамайскага р-на г. Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па іску ў сувязі з яго непадведамаснасцю суду.
В іскавой заяве Сойм Партыі БНФ прасіў прызнаць звесткі, якія былі распаўсюджаныя 25.04.2004 г. у перадачы “В центре внимания” Нацыянальнай дзяржаўнай телэрадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь не адпавядаючымі рэчаіснасці і абражаючымі дзелавую рэпутацыю Партыі БНФ.

25.04.2004 г. у перадачы “В центре внимания” быў паказаны інфармацыйны матэрыял пад назвай “Черная быль”, падрыхтаваны журналістам АТН Белдзяржтэлерадыёкампаніі Юрыям Пракопавым. У дадзеным матэрыяле прагучалі звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і груба зневажаюць дзелавую рэпутацыю Партыі БНФ. А менавіта: у сюжэце Юрыя Пракопава прагучала наступная інфармацыя: “Уже сегодня председатель Партии БНФ Винцук Вечерко заявляет, что, придя к власти, оппозиция прекратит поддержку Чернобыльских регионов, т.е., по сути, бросит людей на произвол судьбы. Разумеется, с такой политической программой из минского офиса и носа не высунешь”.
Сойм Партыі БНФ лічыць, што дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і зневажае дзелавую рэпутацыю Партыі БНФ. Матэрыял журналіста Ю.Пракопава мае на мэце сфармаваць грамадскую думку аб тым, што Партыя БНФ не будзе падтрымліваць Чарнобыльскія рэгіёны ў выпадку прыходу да ўлады. Такая інфармацыя носіць яўна ілжывы характар і скіравана на падман грамадзян Рэспублікі Беларусь, наносіць шкоду рэпутацыі партыі напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дае непраўдзівую інфармацыю аб палітычнай праграме Партыі БНФ. Дадзеная інфармацыя зневажае дзелавую рэпутацыю Партыі БНФ у грамадскім меркаванні з пункту гледжання выканання нормаў маралі па вельмі важнай і актуальнай для беларускага грамадства праблеме.

З вынесеным судом вызначэннем мы не пагадзіліся, лічылі яго незаконным і неабгрунтаваным.

У сувязі з гэтым Сойм Партыі БНФ звярнуўся з прыватнай скаргай на вызначэнне суда Першамайскага р-на г. Мінска ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда.
09 жніўня 2004 г. судовая калегія Мінскага гарадскога суда ў складзе старшыні Дулуб Е.С., суддзяў Крапіўка А.Л. і Салаўёвай З.С., разглядзелі ў адкрытым судовым паседжанні матэрыял па прыватнай скарзе на вызначэнне суда Першамайскага р-на г. Мінска.
Заслухаўшы даклад суддзі Салаўёвай З.С. і тлумачэнні прадстаўнікоў заяўляльніка Лабковіча У.М. і Стэфановіча В.К. судовая калегія вызначыла пакінуць вызначэнне суда Першамайскага р-на г. Мінска ад 8.07.2004 г. без зменаў, а прыватную скаргу Сойма Партыі БНФ без задавальнення.
З вынесенымі судом Першамайскага р-на г. Мінска і судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда вызначэннямі мы не згодныя. Лічым іх неабгрунтаванымі, вынесенымі з істотнымі парушэннямі нормаў матэрыяльнага права.
Асноўнай падставай для вынясення вызначэння суда Першамайскага р-на г. Мінска стала выснова пра тое, што дадзеная спрэчка не можа быць прадметам судовага разбіральніцтва, паколькі у судовым парадку абароне падлягае дзелавая рэпутацыя юрыдычнай асобы шляхам абвяржэння не адпавядаючых сапраўднасці звестак, якія зневажаюць такую рэпутацыю, пад якой разумеецца станоўчая ацэнка гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці юрыдычнай асобы як удзельніка гаспадарчых (эканамічных) праваадносін іншымі ўдзельнікамі маёмаснага абароту, фармаванне і падтрымка якой спрыяе ажыцяўленню прадпрымальніцкай дзейнасці. Дадзеная спрэчка, па меркаванню суда, адносіцца да сферы палітычнай дыскусіі, якая ўплывае на фармаванне палітычных поглядаў у грамадзян, і не падлягае разгляду ў судзе.
Да такой жа высновы ў сваім вызначэнні прыходзіць і судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда. У сваім вызначэнні калегія, ў прыватнасці, прыходзіць да высновы, што суд Першамайскага р-на г. Мінска абгрунтавана адмовіў ва ўзбуджэнні справы па іску Сойма Партыі БНФ, указаўшы, што звесткі, прагучаўшыя ў палітычнай перадачы “В центре внимания”, аб абвяржэнні якіх просіць заяўляльнік, не ўтрымлівалася негатыўная ацэнка гаспадарчай дзейнасці Партыі БНФ, гэтыя звесткі па сутнасці з’яўляюцца палітычнай дыскусіяй, якая ўплывае на фармаванне палітычных поглядаў у грамадзян, а палітычныя дыскусіі суду непадведамасныя.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда палічыла таксама памылковымі довады скаргі пра тое, што суд павінен разглядаць іск Партыі БНФ у сілу арт. 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”. Калегія прыйшла да высновы, што ў адпаведнасці з вышэйназваным законам, падлягаюць абароне правы і законныя інтарэсы палітычных партый, якія з’яўляюцца юрыдычнай асобай, як удзельніка эканамічных адносінаў.

Лічым дадзеныя высновы памылковымі, незаконнымі, істотна парушаючымі нормы матэрыяльнага права, а таксама парушаючымі законныя правы палітычных партый па наступных прычынах:

1. У адпаведнасці з арт. 153 ГК Рэспублікі Беларусь грамадзянін мае права патрабаваць па суда абвяржэння звестак, якія зневажаюць яго гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю, калі той хто іх распаўсюдзіў не дакажа, што яны адпавядаюць рэчаіснасці. У адпаведнасці з п.7 арт. 153 ГК Рэспублікі Беларусь правілы дадзенага артыкула аб абароне дзелавой рэпутацыі грамадзяніна адпаведна прымяняюцца да абароны дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы.
2. У адпаведнасці з п. 8 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23.10.1999 № 15 “Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі” зневажаючымі з’яўляюцца такія не адпавядаючыя рэчаіснасці звесткі, якія зневажаюць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю юрыдычнай асобы ў грамадскім меркаванні ці меркаванні асобных грамадзян, юрыдычных асобаў з пункту гледжання выканання законаў, норм маралі, звычаяў (напрыклад, звесткі аб нячэснасці, невыкананні прафесійнага абавязку, недастойных паводзінах у працоўным калектыве, сям’і, звесткі, якія зневажаюць вытворча-гаспадарчую і грамадскую дзейнасць, і г.д.).
Мы лічым, што у сваёй праграме “В центре внимания” журналіст Ю. Пракопаў распаўсюдзіў не адпавядаючыя рэчаіснасці звесткі і меў на мэце зняважыць дзелавую рэпутацыю Партыі БНФ у грамадскім меркаванні, меркаванні асобных грамадзян з пункту гледжання маральнасці, сумленнасці як старшыні Партыі БНФ, так і Партыі БНФ, яе палітычнай праграмы. Дадзеныя звесткі зневажаюць грамадскую дзейнасць Партыі БНФ. Акрамя таго, словы: “Уже сегодня председатель Партии БНФ Винцук Вечерко заявляет…” ўказваюць на тое, што па меркаванню аўтара праграмы і згодна з публічна распаўсюджанай ім інфармацыяй, старшыня Партыі БНФ В. Вячорка выступаў з дадзенай прамовай у СМІ ці рабіў падобныя заявы ў іншых публічных выступах. Абавязак даказваць факт таго, што В. Вячорка сапраўды выступаў калі-небудзь з заявамі, ў якіх утрымлівалась інфармацыя пра тое, што: “придя к власти, оппозиция прекратит поддержку Чернобыльских регионов, т.е., по сути, бросит людей на произвол судьбы”, у адпаведнасці з арт. 153 ГК Рэспублікі Беларусь ускладаецца на адказчыка. Аднак ні суд Першамайскага р-на г. Мінска, ні судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда не ўлічылі дадзенай акалічнасці.
3. Таксама лічым памылковымі высновы суда пра тое, што распаўсюджаная інфармацыя з’яўляецца палітычнай дыскусіяй і ў сувязі з гэтым непадведамасна суду. У адпаведнасці з п. 9 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23.10.1999 г. № 15 у парадку, прадугледжаным арт. 153 ГК, не могуць разглядацца навуковыя спрэчкі, гэта значыць патрабаванні аб абвяржэнні звестак навуковага характару.
Інфармацыя, распаўсюджаная Ю. Пракопавым ““Уже сегодня председатель Партии БНФ Винцук Вечерко заявляет, что, придя к власти, аппозиция прекратит поддержку Чернобыльских регионов, т.е., по сути, бросит людей на произвол судьбы. Разумеется, с такой политической программой из минского офиса и носа не высунешь”, на нашу думку, не з’яўляецца навуковай спрэчкай, не носіць навуковы характар. Іншых падставаў, якія з’яўляюцца перашкодай для судовага разгляду патрабаванняў у парадку арт. 153 ГК п.9 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда № 15 не ўтрымлівае. Хацелася б звярнуць увагу суда таксама на тое, што інфармацыя, распаўсюджаная Ю. Пракопавым, прагучала ў аўтарскай перадачы, ў якой акрамя яго ніхто ўдзелу не прымаў, у тым ліку і старшыня Партыі БНФ В. Вячорка. Такім чынам распаўсюджаная інфрамацыя не з’яўляецца палітычнай дыскусіяй, паколькі апошння прадугледжвае наяўнасць бакоў дыскусіі. У дадзеным выпадку В. Вячорка не меў магчымасці нейкім чынам аспрэчыць дадзеную інфрамацыю, патлумачыць гледачам пазіцыю і праграму Партыі БНФ па дадзенай праблеме.
4. Таксама лічым памылковымі высновы суда Першамайскага р-на г. Мінска пра тое, што што дадзеная спрэчка не можа быць прадметам судовага разбіральніцтва, паколькі у судовым парадку абароне падлягае дзелавая рэпутацыя юрыдычнай асобы шляхам абвяржэння не адпавядаючых сапраўднасці звестак, якія зневажаюць такую рэпутацыю, пад якой разумеецца станоўчая ацэнка гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці юрыдычнай асобы як удзельніка гаспадарчых (эканамічных) праваадносін іншымі ўдзельнікамі маёмаснага абароту, фармаванне і падтрымка якой спрыяе ажыццяўленню прадпрымальніцкай дзейнасці.
Нельга таксама пагадзіцца і з высновамі судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пра тое, што суд Першамайскага р-на г. Мінска абгрунтавана адмовіў ва ўзбуджэнні справы па іску Сойма Партыі БНФ, указаўшы, што ў звестках, якія прагучалі ў палітычнай перадачы “В центре внимания” не ўтрымліваецца негатыўная ацэнка гаспадарчай дзейнасці Партыі БНФ. Нельга пагадзіцца і з высновай судовай калегіі пра тое, што спасылка на арт. 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” з боку ісца з’яўляецца памылковай, паколькі ў адпаведнасці з вышэйназваным законам падлягаюць абароне правы і законныя інтарэсы палітычных партый, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, як удзельнікаў эканамічных праваадносін.
У адпаведнасці з арт. 117 ГК Рэспублікі Беларусь палітычныя партыі адносяцца да некамерцыйных юрыдычных асобаў. У адпаведнасці з п. 3 гэтага артыкулу асаблівасці прававога становішча грамадскіх аб’яднанняў і рэлігійных арганізацый як удзельнікаў грамадзянскіх праваадносінаў вызначаюцца заканадаўствам.
У адпаведнасці з арт. 25 Закона “Аб палітычных партыях” палітычныя партыі, установы і арганізацыі, якія яны ствараюць, не маюць права засновываць прадпрыемствы, за выключэннем сродкаў масавай інфармацыі, і займацца гаспадарчай дзейнасцю і іншай камерцыйнай дзейнасцю.
Такім чынам, паколькі партыі не з’яўляюцца суб’ектам гаспадарчай дзейнасці высновы суда Першамайскага р-на г. Мінска пра тое, што ў судовым парадку падлягае абарона дзелавой рэпутацыі толькі юрыдычных асобаў, удзельнікаў гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці з’яўляецца незаконнай, парушаючай правы Партыі БНФ як некамерцыйнай юрыдычнай асобы. Не з’яўляецца заснаванай на законе спасылка судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда на арт. 28 Закона “Аб палітычных партыях”, як на артыкул які прадугледжвае абарону правоў і законных інтарэсаў палітычных партый як удзельнікаў эканамічных праваадносін, паколькі партыі не могуць з’яўляцца такімі ў сувязі з патрабаваннямі гэтага ж закона. Трэба адзначыць, што дадзеныя высновы наогул абмяжоўваюць правы Партыі БНФ, як некамерцыйнай юрыдычнай асобы, што з’яляецца недапушчальным і парушае п.2 арт. 45 ГК Рэспублікі Беларусь, арт. 5 Закона “Аб палітычных партыях”.

У сувязі з вышэйскзазным, кіруючыся арт. 439, 447 ГПК Рэспублікі Беларусь, мы просім:

1. Запатрабаваць з суда Першамайскага р-на г. Мінска матэрыялы дадзенай грамадзянскай справы.
2. У адпаведнасці з п. 2 арт. 439 ГПК вынесці пратэст на вызначэнне суда Першамайскага р-на г. Мінска ад 8 ліпеня 2004 г.
3. У адпаведнасці з п.2 арт. 447 ГПК адмяніць вызначэнне суда Першамайскага р-на г. Мінска ад 8 ліпеня 2004 г. цалкам і накіраваць справу на разгляд у суд Першамайскага р-на г. Мінска”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства