АГП, БНФ і БСДГ вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў
Радыё Свабода
Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі пачаўся са скандалу. Адміністрацыя гатэлю “Менск” не дапусьціла дэлегатаў у актавую залю, арэнда якой была аплачаная партыяй. Акрамя таго, 29 жніўня правялі свае перадвыбарчыя зьезды партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Зьезды трох апазыцыйных партыяў праходзілі ў даволі складаных умовах – дэлегаты АГП, БНФ і БСДГ працавалі ў перапоўненых памяшканьнях, малапрыстасаваных для такіх форумаў. Партыя БНФ правяла зьезд у сваім офісе, БСДГ – у памяшканьні офіса ПКБ. Частка дэлегатаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі была вымушаная адстаяць увесь зьезд на нагах, калі тэрмінова давялося памяняць месца правядзеньня зьезду на штаб-кватэру партыі.
Большасьць гаспадароў заляў у Менску адмаўлялася прадставіць свае памяшканьні для вылучэньня апазыцыйных кандыдатаў. АГП ўдалося папярэдне дамовіцца на арэнду залі ў гатэлі “Менск”. Але калі каля сотні дэлегатаў прыбылі ў прызначаны час у гатэль, іх не дапусьціла ахова. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька: “Мы заплацілі за памяшканьне, накіравалі паперу, дзе зазначаецца, што нам патрэбна правесьці зьезд. Усё было ўзгоднена. Раптам сёньня, калі людзі прыехалі з усіх рэгіёнаў Беларусі, высьветлілася, што ў двары амапаўцы, тут ахова, ніхто ня можа даць ніякіх тлумачэньняў, проста забарона ўвайсьці ў будынак і правесьці зьезд. Гэта было зафіксавана і прадстаўніцай Мінюста, якая прыйшла на зьезд. Нам нічога не застаецца як зьвяртацца ў Пракуратуру”. Паводле Анатоля Лябедзькі, адміністрацыя гатэля “Менск” можа патрапіць пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса – перашкоды ажыцьцяўленьню выбарчых правоў грамадзянаў і махлярства.
Прадстаўнік адміністрацыі гатэлю Менск Сяргей Валодзька патлумачыў Радыё Свабода, што АГП не заключыла адпаведную дамову. Лябедзька: “Ёсьць толькі рахунак аплаты. Але ён не зьяўляецца падставай для правядзеньня. Няма прадстаўніка банкетнай службы, які займаўся гэтым пытаньнем, у якога ёсьць ключы ад залы. Гэты супрацоўнік ня можа выйсьці на сувязь. Чаму? Я не магу пракамэнтаваць”. Сяргей Валодзька сказаў, што ніякіх распараджэньняў ад уладаў на гэты конт не было, проста зьнік супрацоўнік з ключамі.
Прадстаўніца Мінюста, якая прыйшла сачыць за хадою зьезда, таксама была разгубленая й зьдзіўленая такой нечаканасьцю: “Я не ўпаўнаважаная даваць нейкія камэнтары альбо тлумачэньні, мне даручана прысутнічаць на вашым зьездзе. Я нічога не ведала, я, гэтаксама як і вы, прыйшла да прызначанага часу”.
На думку старшыні АГП Анатоля Лябедзькі гэты інцыдэнт сьведчыць пра недэмакратычны характар цяперашняй выбарчай кампаніі:
АГП на зьезьдзе вылучыла 57 кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, БНФ – 40, БСДГ – 16 кандыдатаў. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка так акрэсьліў вынікі свайго зьезду: “Мы прынялі апошні варыянт перадвыбарчай плятформы, дапоўнілі яе пяцьцю палажэньнямі, зьвязанымі хутчэй з сацыяльнымі пытаньнямі. Тут і годнае жыцьцё, і пераадоленьне ізаляцыі Беларусі, і празрысты бюджэт. Карацей, мы яе моцна сацыялізавалі”.
Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада таксама прыняла перадвыбарчую плятформу партыі. Гаворыць адзін з кіраўнікоў грамады Аляксей Кароль: “Сутнасьць плятформы – тое, што яна скіраваная на сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія хвалююць грамадзтва, і гэта адпавядае базавым прынцыпам сацыял-дэмакратыі. А менавіта не рэформы дзеля рэформаў, а рэформы дзеля людзей”.