У Горадні пачаўся суд над Леванеўскім і Васільевым за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі
Радыё Свабода
Пачаўся судовы працэс у крымінальнай справе паводле артыкулу 368/2 — аб публічнай абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Абвінавачаных двое — кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі й ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў. Іх абвінавачваюць у распаўсюдзе ўлётак зь вершам, які нібыта ўтрымвае абразу на адрас прэзыдэнта. Васільева таксама абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня. Валерыя Леванеўскага даставілі ў суд пад вартай са сьледчага ізалятару, яго трымаюць за кратамі амаль чатыры месяцы.
На суд прыйшлі толькі родныя Валерыя Леванеўскага й некалькі журналістаў. Тым ня менш, будынак Ленінскага раённага суду ўзмоцнена ахоўвалі. Міліцыянты паставілі перад уваходам мэталічныя бар’еры. Журналістам сказалі, што іх ня пусьцяць, што трэба загадзя пісаць заяву на імя судзьдзі, хаця працэс — адкрыты.
У рэшце міліцыянты журналістаў пусьцілі, але забаранілі праносіць фотаапараты. У выніку затрымкі прадстаўнікі прэсы патрапілі ў залю са спазьненьнем на паўгадзіны.
У клетцы сядзеў Валеры Леванеўскі, каротка стрыжаны, але з барадой. Яго ахоўвалі тры ўзброеныя міліцыянты, якія зьмяняліся кожныя паўгадзіны. Напачатку ён хадайнічаў, каб паводле гэтай крымінальнай справы суд прызнаў пацярпелым Аляксандра Лукашэнку, каб ён мог прысутнічаць на працэсе. Пракурор Панасюк на гэта адказаў, што заява пацярпелага Аляксандра Лукашэнка й ягоная прысутнасьць непатрэбныя, паколькі ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы і атаясамліваецца з самой дзяржавай.
Леванеўскі і Васільеў сваю віну не прызналі і папрасілі ўдакладніць — якімі канкрэтна словамі верша з улёткі яны абразілі Лукашэнку і абвінавацілі яго ў “незаконным выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў”.
(Васільеў: ) “Вось гэтае абвінавачаньне прэзыдэнта ў злоўжываньні службовым становішчам, у выдаткаваньні нейкіх сродкаў. Якіх сродкаў, якое абвінавачаньне? Ні пракурор, ні судзьдзя — ніхто нічога не сказаў”.
Для прысутных на працэсе таксама засталося няясным: за якія, нібыта абразьлівыя адносна прэзыдэнта, словы судзяць Леванеўскага і Васільева. Уражаньне пасьля першага судовага паседжаньня жонкі Валерыя Леванеўскага Марыны:
(Леванеўская: ) “Ну, дзякуй, што далі яму слова, што далі магчымасьць выслухаць яго. Але такое ўражаньне: тое, што ён гаворыць, — зусім ня мае сэнсу. Ужо яго асудзілі, толькі яшчэ ўголас не вымаўляюць — колькі яму дадуць”.
На судзе прысутнічалі прадстаўнікі менскага офісу АБСЭ. Працэс адбываецца ў залі N15, дзе два гады таму судзілі за паклёп на прэзыдэнта журналістаў “Пагоні” Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку.
Судзьдзя дазволіў Валерыю Леванеўскаму дадаткова вывучыць матэрыялы крымінальная справы цягам сутак. Наступнае паседжаньне адбудзецца ў пятніцу.