Эфір паслядоўна "зачышчаюць" ад музыкаў, якія гралі на мітынгу 21-га ліпеня, арганізаваным ў знак пратэсту супраць дзесяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва А.Лукашэнкі.
Па інфармацыі музыкаў, з эфіру дзяржаўных тэлестанцый і старонак дзяржаўных газет здымаюць матэрыялы з іх удзелам, а канцэртным агенцтвам рэкамендавана спыніць з імі супрацоўніцтва.
Як паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) музыка гурта "Drum esctasy" ("Драм экстазі") Філіп Чмыр, пасля 21-га ліпеня ў яго каманды сарваліся ўжо некалькі газетных і тэлевізійных інтэрв'ю. Ён, у прыватнасці, узгадаў публікацыю ў дзяржаўнай газеце "Рэспубліка", якая мела выйсці пасля згаданага канцэрта. Гатовы сюжэт пра гурт быў зняты з эфіру тэлеканала СТВ, а супрацоўнікі тэлеканала ОНТ, якія самі выказалі жаданне пагутарыць з музыкамі, пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам адмовіліся ад сваіх планаў. (Творчасць "Drum eastasy" цікавіць шмат якіх журналістаў з прычыны таго, што гурт выступіў адным з аўтараў саўндтрэку да нашумелага расійскага фільма "Ночной дозор").
У аналагічнай сітуацыі апынуліся і іншыя ўдзельнікі згаданага канцэрта. Лідэр "N.R.M." Лявон Вольскі таксама канстатуе рэзкае зніжэнне цікавасці да сваёй асобы з боку прадстаўнікоў СМІ. Па яго словах, апошнім часам на кантакт ім выходзяць выключна недяржаўныя медыі.
Акрамя гэтага, значна ўскладнілася сітуацыя з арганізацыяй публічных выступаў у Беларусі. Па звестках музыкаў, нейкія структуры праводзяць адпаведную "працу" з канцэртнымі і рэкламнымі агенцтвамі. У прыватнасці, арганізатары святочных канцэртаў на Дзень Горада 11-12-га верасня пасля размовы з прадстаўнікамі Ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама паведамілі, што выступ "Drum eсstasy" зняты з канцэртнай праграмы. Адменены таксама выступ музыкаў на шырока разрэкламаваным "Фестывалі LG".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"