У Гомелі зьліквідаванае абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”
20 жніўня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Анатоль Дудзіч задаволіў пазоў управы юстыцыі наконт ліквідацыі грамадзкага жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва”.
Абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва” сталася шаснаццатай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне, зачыненай паводле прэтэнзіяў управы юстыцыі. Найчасьцей гэтыя прэтэнзіі датычылі разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў арганізацыяў у кватэрах ейных кіраўнікоў. З гэтай прычыны атрымлівала пісьмовыя папярэджаньні і жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”.
Сяброўка аб’яднаньня, кандыдат юрыдычных навук Ірына Кучвальская, якая прадстаўляла інтарэсы сваёй арганізацыі ў судзе, лічыць, што юрыдычныя адрасы — штучна створаная перашкода. Пераадолець яе грамадзкія арганізацыі ня могуць. Большая частка памяшканьняў зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Працэдура здачы іх у арэнду грамадзкім структурам ня вызначана. Зь іншага боку, у саміх арганізацыяў няма сродкаў на арэнду памяшканьняў. Юрыдычны адрас для ўладаў стаў інструмэнтам зьнішчэнньня актыўных грамадзкіх фармаваньняў.
Паколькі многія заканадаўчыя акты й дэкрэты пярэчаць ня толькі падпісаным Беларусьсю міжнародным пагадненьням у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека, але і беларускай Канстытуцыі, прадстаўнікі жаночай “Ініцыятывы” прапанавалі суду скарыстаць сваё права і зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з просьбаю прызнаць заканадаўстава пра грамадзкія арганізацыі не адпаведнымі асноўнаму закону і міжнародным абавязацельствам. Судзьдзя Анатоль Дудзіч адхіліў гэтую прапанову.
Паводле Радыё Свабода