16-га жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненні недзяржаўнай "Новой газеты Сморгони", якую выдае індывідуальны прадпрымальнік Рамуальд Улан.
Выдаўца звінавачваюць у парушэнні артыкулаў 10 і 20 закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Прапярэджанне выдаўцу газеты за гэтыя ж парушэнні было вынесена днём пазней - 17-га жніўня. У аддзеле рэгістрацыі Міністэрства інфармацыі прэс-сужбе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) паведамілі, што найбліжэйшым часам на тых жа падставах можа быць прыпынены яшчэ шэраг выданняў.
"У адпаведнасці з арт. 10 Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" да заявы аб рэгістрацыі СМІ прыкладаюцца статут рэдакцыі і рашэнне аб яе стварэнні", - гаворыцца ў загадзе У. Русакевіча аб прыпыненні "Новой газеты Сморгони". Міністр таксама нагадвае, што, у адпаведнасці з арт. 20 Закона, "рэдакцыя сродка масавай інфармацыі з'яўляецца юрыдычнай асобай". "Аднак… "Новая газета Сморгоні", якую з самага пачатку выпускала юрыдычная асоба, пасля ўнясення ў артыкул 10 Закона "Аб друку…" дапаўнення выдаецца індывідуальным прадпрымальнікам…".
Тэкст папярэджання выдаўцу газеты фактычна дублюе тэкст загаду аб яе прыпыненні. Супрацоўнік аддзелу рэгістрацыі Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі ў гутарцы з прэс-службай БАЖ запэўніў, што з'яўленне папярэджання на дзень пазней за прыпыненне з'яўляецца тэхнічнай недапрацоўкай.
Заснавальнік і выдавец газеты, прадпрымальнік Рамуальд Улан упэўнены, што міністэрства знайшо фармальныя падставы для прыпынення "Новой газеты Сморгони". Ён звяртае ўвагу на блытанасць прыведзеных міністэрствам тлумачэнняў і бачыць у іх шэраг унутраных супярэчнасцяў. У прыватнасці, ён сцвярджае, што яго газета з моманту свайго заснавання выдавалася індывідуальным прадпрымальнікам, а не "юрыдычнай асобай". Акрамя гэтага, у распрацаванай міністэрствам "Памятцы аб парадку рэгістрацыі перыядычных выданняў" Міністэрства інфармацыі сцвярджаецца, што, калі ў якасці рэдакцыі выступае заснавальнік-грамадзянін, то рэдакцыя ў якасці юрыдычнай асобы і статут не ствараюцца. ("Памятка" змешчана на афіцыйным сайце Міністэрства: www.mininform.gov.by)
"Я трактую прыпыненне майго выдання адназначна як падрыхтоўку ўлады да парламенцкіх выбараў: яны спрабуюць пазбавіцца ад усіх носьбітаў незалежнай інфармацыі", - лічыць Р. Улан. Асабіста ён не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах, аднак яго газета актыўна асвятляе дзейнасць незалежных кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца ў Смаргонскай акрузе.
Нагадаем: 3-га лютага 2003 г. Гродзенскі абласны гаспадарчы суд пазбавіў Р. Улана рэгістрацыі прыватнага прадпрымальніка, спаслаўшыся на парушэнні нормаў пажарнай бяспекі, а таксама працоўнага і падаткавага заканадаўства. Пасля гэтага "Новая газета Сморгони" некалькі разоў мяняла выдаўцоў. 2-га кастрычніка 2003 г. міністр інфармацыі падпісаў загад аб прыпыненні яе дзейнасці на падставе таго, што газета нібыта выдавалася суб'ектамі без адпаведнай ліцэнзіі. Рамуальд Улан у канцы красавіка змог аднавіць пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка і атрымаў магчымасць зноў выступаць у якасці выдаўца газеты. Першы з кастрычніка мінулага году нумар "Новой газеты Сморгони" з'явіўся ў канцы траўня.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"