Пракурор Маларыцкага раёну вынес касацыйны пратэст на рашэньне суда Маларыцкага раёну, які задаволіў іск Партыі БНФ аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.
У касацыйным пратэсце пракурор Маларыцкага раёну Ліцкевіч сьцьвярджае, што “рашэньне суда падлягае адмене ў сілу яго неабгрунтаванасьці, бо пры разглядзе справы судом не ўлічаныя ўсе факты, уваходзячыя ў прадмет даказваньня.Адказчык Строк С.І іскавыя патрабаваньні не прызнаў і ўказаў, што правёў аналогію паміж дзейнасьцю беларускіх нацыяналістаў ў гады вялікай айчыннай вайны і дзейнасьцю парті БНФ. У сувязі з гэтым суду неабходна было ўдакладніць, пра якую канкрэтна дзейнасьць (!) указанных палітычных партый ішла размова і ці зьневажаюць (!) узгадкі пра дадзеную дзейнасьць дзелавую рэпутацыю БНФ. У гэтай сувязі суду неабходна было пашырыць кола сьведкаў з мэтай удакладненьня зьместу выступу адказчыка”.
23 верасьня Калегія па грамадзяснкіх справах Брэсцкага абласнога суда разгледзець касацыйны пратэст. На слуханьнях будуць прысутнічаць прадстаўнікі істца (Сойма Партыі БНФ) -- юрысты Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, што 25 красавіка падчас сходу ў вёсцы Струга, арганізаванага па ініцыятыве дэпутата Маларыцкага раённага савету Ўладзімера Малея, Сяргей Строк заявіў што не варта слухаць апазіцыю:“Я вам скажу болей: “Гэты таварыш (калі яго можна назваць таварышам) Уладзімер Малей -- сябра Партыі БНФ. Гэтая партыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі вы былі маладыя, была на баку фашыстоўскай Германіі”.
30 ліпеня суд Маларыцкага раёну Брэсцкай вобласьці задаволіў іск Партыі БНФ аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да начальніка аддзела па ідэалагічнай працы Маларыцкага райвыканкама Сяргея Строка, які публічна заявіў, што Партыі БНФ ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з фашыстамі.
Суд абвязаў С. Строка абвергнуть сваё выказваньне ў рэгіянальнай газеце, заснаванай Маларыцкім райвыкамам і сплаціць дзярж. пошліну ў памеры 95 тыс. беларускіх рублёў і 4.160 у даход дзяржавы.