Старшыня Гiркаўскага сельсавета на Воранаўшчыне агiтуе супраць «бэнээфаўцаў»
Не падпісвацца за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Мілінкевіча агітуе людзей старшыня Гіркаўскага сельсавета на Воранаўшчыне. Такія звесткі паступілі ад мясцовага жыхара ў пракуратуру Воранаўскага раёна. Як паведаміў нам Юзаф Кірвель, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, старшыня Гіркаўскага сельсавета Воранаўскага раёна Марыя Кулік праводзіць вясковыя сходы, на якіх заклікае людзей не падпісвацца за Аляксандра Мілінкевіча. Сама Марыя Кулік актыўна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі памочніка прэзідэнта па Гарадзеншчыне Вінцэнта Казяка, хоць і не ўваходзіць у ягоную ініцыятыўную групу. Па словах Юзафа Кірвеля, падобныя сходы былі праведзеныя Марыяй Кулік у вёсках Ліпкунцы, Лелюшы і Бялянцы Гіркаўскага сельсавета.
Нагадаем, што Аляксандр Мілінкевіч і Вінцэнт Казяк заявілі пра сваё жаданне балатавацца па Шчучынскай выбарчай акрузе, у якую ўваходзіць і частка Воранаўскага раёна.
У размове намі, адзін з жыхароў вёскі Ліпкунцы адзначыў, што старшыня сельсавета выкарыстоўвае літаральна наступныя словы: “Прыйдуць “бэнээфаўцы”, будуць даваць вам грошы, віно, гарэлку, але вы ні ў якім разе не падпісвайцеся за іх”.
Марыя Кулік пацвердзіла, што праводзіла сходы жыхароў вёсак, на якіх толькі называла дату выбараў, аднак яна катэгарычна адмаўляе, што заклікала не падпісвацца за Аляксандра Мілінкевіча.
- Я за тое, каб народу было лепей, каб быў абраны разумны, прыстойны, добры чалавек! Каб усё было па справядлівасці! Няхай кожны галасуе за харошага чалавека, бо ад яго будзе залежаць нас лёс і лёс нашых дзетак. У мяне самой унукі і мне не абыякава, што з імі будзе. Я ні за каго не агітавала , бо ведаю, што яшчэ рана, і ні пра каго не казала кепскага слова. А слова “бэнээфавец” я наогул не ўжываю, гэтым ж так можна абразіць чалавека!, - сказала Марыя Кулік.
Марыя Кулік лічыць, што абвінавачванні ў яе бок могуць мець падставы абсалютна не звязаныя з выбарамі:
- Можа я каму плоту не дала, фарбы – у нас жа ўсё гэта задарма... Можа я камусьці проста не падабаюся.
Аднак, Юзаф Кірвель перакананы, што мясцовая чыноўніца, выкарыстоўвае сваё службовае становішча, і, такім чынам, імкнецца настроіць людзей супраць незалежнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча.
Юзаф Кірвель распавёў, што меў тэлефонную размову з выконваючай абавязкі пракурора Воранаўскага раёна Людмілай Сазон, якой паведаміў пра перашкоды, якія чыніць Марыя Кулік свабоднаму волевыяўленню грамадзянаў. Пракурор, па словах Кірвеля, паабяцала разабрацца ў сітуацыі.
- Калі парушэнне выбарчага заканадаўства і выкарыстанне старшынёй сельсавета службовага становішча дзеля прасоўвання свайго кандыдата не будзе спынена, я буду абавязкова звяртацца з афіцыйнай заявай у кантралюючыя органы. Больш таго, некалькі жыхароў тых вёсак, дзе Марыя Кулік праводзіла свае сходы, ужо пацвердзілі пісьмова ейную агітацыю, - паведаміў Юзаф Кірвель.
www.pahonia.promedia.by