Недзяржаўная газета "Рабочая салідарнасць" спыняе сваё існаванне ў звязку з тым, што 2-га жніўня Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі Беларускай партыі працы (БПП).
Пра гэта паведаміла Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
У аддзеле рэгістрацыі Мінінфармацыі пацвердзілі, што, паколькі БПП выконвала функцыю рэдакцыі "Рабочай салідарнасці", то ліквідацыя газеты адбудзецца аўтаматычна. Найбліжэйшым часам Міністэрства падрыхтуе адпаведны загад.
Нягледзячы на тое, што "Рабочая салідарнасць" ужо 2 месяцы як прыпынена па загадзе Мінінфармацыі, у верасні яна планавала аднавіць выхад. Кіраўніцтва БПП планавала распачаць выпуск новай газеты, заснавальнікам якой стаў бы зарэгістраваны нядаўна прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, аўтамабілебудавання і металаапрацоўкі (РЭПАМ), сустаршынём якога з'яўляецца лідэр БПП Аляксандр Бухвостаў. Аднак некалькі тыдняў таму Міністэрства юстыцыі паведаміла, што адклікае пасведчанне аб рэгістрацыі гэтага прафсаюза.
БПП была зліквідаваная па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі, якое звінаваціла партыю ў парушэннях Грамадзянскага кодэкса, закона "Аб палітычных партыях" і ўласнага статуту.