Трое актывістаў з Салігорска былі затрыманыя на Кастрычніцкім пляцы ў Менску
Радыё Свабода
3 жніўня трое актывістаў Салігорскай арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі зладзілі пікет супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры беларускай сталіцы. Усіх пікетоўцаў затрымалі супрацоўнікі АМОНу.
А 6-й вечара на Кастрычніцкім пляцы Менску сябры АГП з Салігорску Аляксей Прыходзька, Тацяна Ларыёнава і Натальля Зубарэвіч разгарнулі расьцяжку: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!”
Яны пасьпелі раздаць мінакам частку ўлёткаў пад загалоўкам: “Куды пайшлі 10 гадоў нашага жыцьця?”
У тэксьце ўлёткі згадваліся прозьвішчы зьніклых вядомых грамадзкіх дзеячаў, а таксама людзей, супраць якіх вядуцца крымінальныя справы. Супрацоўнік АМОНу па рацыі выклікаў дапамогу, і пікетоўцы былі затрыманыя.
У міліцыі Цэнтральнага раёну паведамілі, што ўсіх затрыманых адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, а назаўтра даставяць у суд Цэнтральнага раёну.
Іх абвінавачваюць у парушэньнях пад час правядзеньня вулічных масавых мерапрыемстваў. Паводле гэтага артыкулу Аляксею Прыходзьку, Тацяне Ларыёнавай і Натальлі Зубарэвіч пагражае арышт альбо штраф.