“ПРАЦА ЦЭНТРАЛЬНАЙ КАМІСІІ ПА ВЫБАРАХ ПАЧЫНАЕЦЦА ХААТЫЧНА”
З пачаткам абвешчаньня выбараў пачала актыўна працаваць Цэнтральная Камісія па правядзеньні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў. Ёй былі прынятыя тры пастановы, якія датычацца выбараў у Палату прадстаўнікоў, прызначаных на 17 кастрычніка 2004 года. Адной з пастановаў былі вызначаныя межы выбарчых акругаў. Пастанова №19 растлумачыла парадак вылучэньня кандыдатаў ў дэпутаты ад палітычных партыяў. Цэнтральная камісія таксама прыняла пастанову аб парадку вылучэньня назіральнікаў на паседжаньні выбарчых камісіяў і ўчасткі для галасаваньня.
Але, як зазначае юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праца Цэнтральнай камісіі па выбарах пачынаецца хаатычна. Выклікае зьдзіўленьне, што Цэнтральная камісія прыняла пастанову аб парадку вылучэньня назіральнікаў, але дагэтуль не прыняла пастанову, якая б растлумачыла парадак вылучэньня палітычнымі партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Бо, згодна з календаром выбарчай кампаніі, адным з першых этапаў выбарчай кампаніі зьяўляецца стварэньне акруговых камісіяў. Таму прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія хацелі б мець сваіх прадстаўнікоў у акруговых камісіях, у першую чаргу павінныя ведаць парадак іх вылучэньня і афармленьня адпаведных дакументаў. Несвоечасовае прыняцьце гэтай пастановы можа значна ўскладніць працэдуру вылучэньня прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ад палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. У той час як вылучэньне назіральнікаў ў выбарчай кампаніі зьяўляецца больш позьнім этапам.
Таксама трэба адзначыць, што Цэнтральная камісія па выбарах дагэтуль не зацьвердзіла календар выбарчага працэсу. Не гледзячы на тое, што гэты календар зьяўляецца першасным дакументам, неабходным для ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.